Пошук

31.10.2016 11:10  

Першы дзень восеньскіх канікул міністранты з гродзенскай парафіі Святога Духа правялі ў санктуарыі Маці Божай у Тракелях, дзе для іх быў арганізаваны дзень засяроджання.

Адарвацца ад штодзённых абавязкаў, ад прывычных рэчаў і блізкіх людзей, паехаць у месца, далёкае ад роднага дому, памаліцца ў святым месцы, пабегаць на чыстым паветры, прыгатаваць сабе ежу і г.д. — гэта была сапраўдная прыгода для юнакоў.

Выкананне прызначаных для кожнага з іх абавязкаў было невялікім выпрабаваннем, з якім усе добра справіліся.


Адразу па прыездзе ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць памаліцца на святой Імшы каля абраза Маці Божай Тракельскай і перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, пасля чаго размясціліся ў доме пілігрыма і разам прыгатавалі вячэру. Адзін з міністрантаў Цімур, чысціўшы цыбулю, крыху параніў палец, але распавёў гісторыю, што змагаўся з мышамі, быў паранены і ледзьве ўцёк.


Пасля вячэры кожны мог прадэманстраваць свае спартыўныя здольнасці і паглядзець вясёлы дзіцячы фільм, пазнаючы ў героях сябе. Скончыўся дзень малітвай.

Другі дзень распачаўся ранішняй малітвай і разважаннем над Божым словам. Пасля быў сняданак, які ўдзельнікі таксама прыгатавалі сваімі сіламі. Час да абеду быў запоўнены гульнямі і рознымі заняткамі.

Пасля абеду адбылася святая Імша з лекцыяй на тэму «Выбар у хрысціянскім жыцці» і невялікая экскурсія па старажытным касцёле св. Казіміра ў Ліпнішках. Таксама была магчымасць увайсці ў крыпту Умястоўскіх у Суботніках і наведаць касцёл св. Мікалая ў Геранёнах.

Андрэй Коўшук, навучэнец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне,
фота з архіва аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.