Пошук

12.10.2016 11:18  

7 кастрычніка група вернікаў з парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку на чале з пробашчам кс. Юрыем Жэгарыным здзейсніла пілігрымку па святынях Гродзенскай дыяцэзіі.

Удзельнікі малітоўнага падарожжа, якіх было каля 50 чалавек, наведалі каля 20 святыняў, у ліку якіх касцёлы ў Ліпнішках, Геранёнах, Тракелях, Асаве, Радуні, Начы, Забалаці, Вавёрцы, Васілішках, Новым Двары, Парэччы, Капцёўцы, Адэльску і інш.

У арганізацыі аўтобуснай пілігрымкі ўдзельнічалі практычна ўсе: хтосьці рыхтаваў гістарычную даведку на кожны касцёл, іншы рабіў мапу маршрута, а хтосьці — спеўнік пілігрыма.

«Мы самі былі арганізатарамі, экскурсаводамі і слухачамі, а ў вызначаны час ва ўсіх касцёлах нас ужо гасцінна чакалі, — дзеліцца ўспамінамі адна з удзельніц пілігрымкі Соф’я Байко. — Не было недахопу ў супольнай малітве — усё гэта надавала падарожжу духоўнае вымярэнне».

«У большасці святынях мы былі ўпершыню, — працягвае Соф’я. — І засталіся прыемна ўражаны прыгажосцю, веліччу і гісторыяй гэтых касцёлаў. Сэрца радавалася ад той прыгажосці, а благаслаўленне святароў, з якімі мы сустракаліся, нас духоўна ўмацоўвала».

З цеплынёй прыгадвае Соф’я прыпынак пілігрымаў у Парэччы, дзе група спынялася на начлег. «На пэўны час мы сталі адной сям’ёй, дзякуючы, між іншым, гасціннасці сем'яў, якія прынялі нас на начлег. Насамрэч нас прымалі нават не як пілігрымаў, а як самых вялікіх гасцей».

«Сумеснае пілігрымаванне вельмі аб’ядноўвае. Мне здаецца, так адбываецца і з нашай парафіяй. Ва ўcім гэтым бачны Божы Провід, які дазволіў нам зладзіць ужо другую па ліку аўтобусную пілігрымку», — дадае парафіянка.

(IL),
фота Соф’і Байко

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця