Некалькі соцень дзяцей разам са сваімі бацькамі прынялі ўдзел у парафіяльным свяце ў парафіі Святога Духа, якое адбылося 2 кастрычніка. Свята прайшло пад дэвізам «І да танца, і да ружанца».
Распачаўся фэст святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да дзяцей і іх бацькоў на пачатку Імшы, іерарх нагадаў пра важнасць Ружанца і пра тое, наколькі важна маліцца ім.
У 15.00, у гадзіну Божай Міласэрнасці, біскуп разам з дзецьмі памаліўся ў інтэнцыі маладой парафіі ў гродзенскай Альшанцы.
Пасля малітвы выступілі дзеці з парафіяльнага ансамбля «Анёлы». На сённяшні дзень у склад гурта ўваходзіць 42 дзіцяці ва ўзросце ад двух да пяці гадоў.
Затым былі арганізаваны конкурсы і танцы, а ў неба запусцілі балонікі, звязаныя ў форме ружанца. Таксама для ўдзельнікаў свята выступіў моладзевы гурт «OPEN».
«Для нашай маладой парафіі такія святы вельмі важныя. Так мы знаёмімся і становімся бліжэй. Мы хочам, каб у новым раёне горада, дзе знаходзіцца наша капліца, духоўнае жыццё бурліла», — распавядае пробашч парафіі кс. Павел Салабуда.
Парафія Святога Духа ў новым гродзенскім мікрараёне Альшанка была створана ў 2012 г. У парафіі налічваецца каля 2 500 вернікаў. Асвячэнне парафіяльнай капліцы адбылося 20 снежня 2015 года.
(IL)