Пошук

02.10.2016 23:07  

1 кастрычніка ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч дзякаваў Богу за 60 гадоў святарскага служэння і 90-ю гадавіну прыняцця сакрамэнту хросту.

На ўрачыстасці найстарэйшага святара Беларусі прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з тых парафій, дзе служыў і каму ўдзяляў святыя сакрaмэнты ксёндз прэлат.

Дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, вітаючы ўдзельнікаў літургіі, адзначыў, што ксёндз прэлат асаблівым чынам звязаны з горадам Гродна. Тут ён праз доўгі час нёс святарскае служэнне ў парафіі Маці Божай Анёльскай, на працягу сямі гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі і ўжо амаль 17 гадоў служыць у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. «Сёння мы дзякуем за тваё святарства і разам прагнем заспяваць радасны гімн падзякі за ўсялякія ласкі, якімі Пан адарыў цябе», — дадаў біскуп.

Гамілію падчас Імшы прамовіў адзін з самых малодшых выхаванцаў ксяндза прэлата — кс. Юрый Марціновіч, разважаючы ў ёй над таямніцай святарства і паклікання, якое з'яўляецца незвычайным дарам Божай любові, Ягоным клопатам пра чалавека і плёнам ласкі Пана.

«Пайсці за голасам паклікання — гэта не значыць адмовіцца ад радасці, якой адарыў нас Пан, ані ад шчасця, па якім мы тужым. Наадварот, пакліканне — гэта цудоўны спосаб скарыстацца свабодай і спазнаць радасць», — адзначыў святар.



Ксёндз Юрый Марціновіч дадаў, што гэтая юбілейная ўрачыстасць святкуецца ва ўспамін святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, вялікім шанавальнікам якой з'яўляецца юбіляр. Адразу пасля нараджэння маці ксяндза прэлата Генавэфа даручыла яго апецы св. Тэрэзы.

«Па прыкладзе святой Тэрэзы ксёндз прэлат прагне далей крочыць па свету, абвяшчаючы імя Бога, і паставіць Яго пераможны крыж на зямлі няверуючых. Каб усё гэта магло ажыццявіцца, яму патрэбна наша малітва, дзякуючы якой ён зможа ўзрастаць у пакліканні, а ў складаных сітуацыях абаперціся на Езуса, бо Ён усё пераможа», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што 60 гадоў таму ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч з вялікай пакорай прыняў «дар і таямніцу» святарства Хрыста, каб у паўсядзённым жыцці быць дарам для ўсіх, да каго Езус яго пасылаў.

«Кожны дзень, на працягу 60 гадоў, ты дакладваеш Хрысту: “я тут”. Я пры Тваім алтары, пры амбоне, у канфесіянале, на катэхезе і на лекцыі ў семінарыі ў Рызе, я клапачуся пра душы людзей, якія прагнуць Бога. Сёння мы дзякуем Пану і табе, дарагі юбіляр, за тваё “я тут”», — сказаў біскуп.

Іерарх падзякаваў ксяндзу Юзафу Трубовічу за 60 гадоў сведчання веры, любові да Хрыста, вернасці пакліканню і пакорную, самаадданую і нястомную службу чалавеку.

«Дзякуем табе за тое, што з'яўляешся для нас сапраўдным сябрам, што для кожнага маеш час і адкрытае сэрца, што на кожнага глядзіш з любоўю і пашанай, як на Божае дзіця», — дадаў гродзенскі ардынарый.
 
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пажадаў, каб ксёндз прэлат мог і далей працягваць верна служыць Касцёлу і штодзённа з радасцю дакладваць Пану «я тут», а сваім святарствам працягваць узбагачаць людзей глыбокай верай, Божай мудрасцю, жыццёвым досведам і любоўю.

Падчас урачыстасці таксама былі зачытаны пажаданні ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілеўскага. Іерарх адзначыў, што ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч і Гродна — два непадзельныя словы. Калі гродзенская парафія Маці Божай Анёльскай пасля смерці а. Аркадзя Вальтося засталася без святара, менавіта ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч прыбыў на бераг Нёмана з пастырскай дапамогай.

«Вернікі адразу заўважылі, што ксёндз быў незвычайным душпастырам, які ахвярна служыў ім, не шкадуючы сіл і часу. Глыбокія казанні святара вабілі шматлікіх вернікаў, краналі сэрцы і вялі да Бога, а яго нястомная прысутнасць у канфесіянале давала людзям магчымасць паяднацца з Панам», — піша ў лісце арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт адзначыў, што ў той час, калі ксёндз Юзаф Трубовіч служыў у касцёле Маці Божай Анёльскай, ён быў навучэнцам семінарыі ў Каўнасе. Прабываючы на канікулах, сустракаючыся з кс. Трубовічам і назіраючы яго глыбокае духоўнае жыццё, нястомную малітву і адданасць людзям, ён перажываў працэс фармацыі.

«Дзякую табе, ксёндз прэлат, за тое, што гэты час быў для мяне ў пэўнай ступені працягам семінарыі, а твой прыклад быў дапамогай на шляху да святарства. Ты з'яўляешся маім настаўнікам і выхавацелем», — дадаў арцыбіскуп.



У дзень юбілею святарства да кс. прэлата Юзафа Трубовіча было скіравана шмат цёплых слоў і пажаданняў. Віншаванні склалі дзеці з катэдральнай парафіі, вернікі гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, навучэнцы катэхетычных курсаў пры Аддзеле навучання і выхавання Гродзенскай курыі і шмат іншых асобаў.

На заканчэнне ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за тое, што сабраліся, каб ушанаваць сакрамэнт святарства ў яго асобе. Юбіляр выказаў падзяку таксама біскупам і ўсім святарам за тое, што разам вядуць людзей да Збаўлення, і Касцёлу ў Латвіі, дзе служыў на працягу 20 гадоў.

«Я таксама хачу скласці дар для вас усіх і для нашай краіны. Гэта я раблю ўжо на працягу 35 гадоў. Пачынаючы з 1980 года, кожныя першую пятніцу і першую суботу месяца я адпраўляю святую Імшу ў інтэнцыі нашай краіны, усіх яе жывых і памерлых», — адзначыў кс. Юзаф Трубовіч і дадаў, што адправіў ужо 868 такіх Імшаў.

«Падчас кожнага набажэнства я аддаю Богу нашую краіну і кожнага яе жыхара, прашу, каб Пан клапаціўся пра ўсіх нас», — сказаў юбіляр.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.