29 верасня ў смаргонскай парафіі Cвятога Міхала Арханёла адбылася адпустовая ўрачыстасць. Цэлебрацыю галоўнай святой Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У Імшы ўдзельнічалі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, настаяцель таварыства святога Францішка Сальскага ў Беларусі, кс. Алег Жураўскі SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні і пробашч мясцовай парафіі, кс. Леон Ладыш, пробашч парафіі ў Войстаме, кс. Юрый Церабей, пробашч парафіі ў Крэве, дк. Дзяніс Бразінскі. У канфесіянале вернікам служыў кс. Антоній Казлоўскі, пробашч парафіі ў Вішневе.
У гаміліі, засярджваючыся над асобай галоўнага заступніка смаргонскай парафіі, біскуп Аляксандр Яшэўскі звярнуў увагу на тры рэчы, якія трэба памятаць і рэалізоўваць у сваім жыцці па прыкладзе святога Міхала Арханёла. Па-першае, адзначыў іерарх, само імя св. Міхала Арханёла дае нам вялікую падказку ў тым, да чаго мы павінны імкнуцца. Па словах біскупа, з яўрэйскай мовы Міка-эль азначае «хто ж як Бог», менавіта таму трэба паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, і тады шматлікія цяжкасці, клопаты і праблемы знікнуць. Па-другое, каментуючы літургічнае чытанне з Кнігі Апакаліпсіса святога Яна, іерарх узгадаў пра барацьбу, якую вёў святы Міхал Арханёл, абараняючы Бога. Таму, заўважыў біскуп, і мы павінны бараніць сваю веру, асабліва ў сучасным свеце, бараніць Бога і яго Касцёл, як нашу любую маці. І па-трэцяе, дадаў іерарх, асобы святых арханёлаў заахвочваюць аднавіць сваю пашану і пабожнасць да арханёлаў і анёлаў, асабліва да анёлаў-ахоўнікаў, таму што яны з’яўляюцца нашымі найлепшымі сябрамі.
Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі выказаў словы падзякі біскупу Аляксандру Яшэўскаму і падараваў яму фігурку Добрага Пастыра. Потым біскуп выразіў сваю радасць з таго, што мог перажыць гэтае цудоўнае свята ў роднай парафіі і ў родным горадзе. Іерарх крыху распавёў пра сваё служэнне на Магілёўшчыне, дзе Каталіцкі Касцёл увесь час развіваецца, падзякаваў вернікам сваёй роднай парафіі за дапамогу, якую ў мінулым годзе на свята святых Арханёлаў яны аказалі пробашчу парафіі ў Крычаве кс. Паўлу Адамовічу. Біскуп падкрэсліў, што смаргонскія парафіяне заўсёды былі ахвярнымі і гатовымі дапамагчы.
Таксама іерарх выказаў радасць з таго, што ў парафіяльным касцёле адбываецца рамонт і будзе зменены галоўны алтар. Па словах біскупа, людзям больш патрэбна бачыць вобраз, а не сімвалы, таму новы барокавы алтар будзе больш спрыяць малітве, чым ранейшы.
Напрыканцы біскуп удзяліў прысутным Божае благаслаўленне.
Паводле sdb.by
(AG)
Фота sdb.by