Пошук

27.09.2016 09:46  

Што значыць міласэрнасць у паўсядзённым жыцці настаўніка-католіка? Як выпрошваць яе ў Бога для сябе і сваіх вучняў? Каму і як аказваць міласэрнасць самому? Пошукам адказаў на гэтыя пытанні займаліся ўдзельнікі шостай дыяцэзіяльнай сустрэчы выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў, якая адбылася 24 верасня ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Воранаве.

Сустрэча пачалася канферэнцыяй на тэму каталіцкага разумення міласэрнасці, якую прамовіў душпастыр настаўнікаў Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Антоні Грэмза. Пасля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і споведзь – сустрэча з Богам і Ягонай міласэрнасцю. Затым была цэлебравана святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. У ёй прынялі ўдзел пробашч парафіі ў Воранаве а. Андрэй Вітэк SAC, дэкан Радунскага дэканату ксёндз канонік Генрых Яблонскі і душпастыр выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў ксёндз канонік Антоні Грэмза.


 
Пасля Эўхарыстыі і перапынку на абед ўдзельнікі сустрэліся ў дыскусійных групах. Прысутныя мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца і абмеркаваць сведчанні міласэрнасці, пакінутыя святымі XX стагоддзя – Папам Янам Паўлам II, с. Фаўстынай Кавальскай і Маці Тэрэзай з Калькуты.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы адзначыў: “Цягам навучальнага года часта не хапае часу, каб спыніцца і паразважаць над сваёй дарогай, над духоўнымі перажываннямі, над высокімі ідэаламі. Але сустрэча ў Воранаве дапамагла зрабіць важны прыпынак на пачатку навучальнага года. Удалося атрымаць каштоўныя парады ад калегаў-настаўнікаў, выслухаць меркаванне Касцёла адносна працэсу выхавання, паразмаўляць з Богам у ціхай малітве і прыняць асабістыя рашэнні адносна вялікіх і малых спраў міласэрнасці”.



Душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў г. Гродна ўзнікла ў 2001 годзе па ініцыятыве Людмілы Гапонік і а. д-ра Андрэя Шчупала CSsR. З 2004 года душпастырам супольнасці з’яўляецца кс. Антоні Грэмза. У яе склад уваходзяць каля 40 членаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у сустрэчах.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.