Пошук

19.09.2016 15:39  

Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Сёлетняя пілігрымка прайшла 18 верасня пад дэвізам «З Марыяй у новы навучальны год».

Пілігрымка вырушыла раніцай з гродзенскага францішканскага касцёла. Удзельнікі неслі да трону Маці Божай свае інтэнцыі і просьбы. Марыя Углік з гродзенскай парафіі Св. Юзафа адзначае, што ўжо не першы раз прымае ўдзел ў гэтай пілігрымцы і кожны год ідзе з той самай інтэнцыяй: дасягнуць яшчэ большых поспехаў у вучобе.

«Гэты год стаў пераломным у маім жыцці. Змяніліся погляды абсалютна на ўсё. Нават гэтая невялічкая пілігрымка аказалася духоўным уздымам для мяне. Хацелася папрасіць чагосьці вартага не толькі для сябе, але і для таго, хто сапраўды мае патрэбу ў гэтым. Хацелася падзякаваць Богу за штодзённую прысутнасць у маім жыцці. Мела шмат думак наконт таго, што я хачу сказаць і даверыць Марыі. У выніку ўсё аказалася вельмі проста, дастаткова было толькі зірнуць на Яе», — дзеліцца ўражаннямі Марыя Углік.

Дзяўчына таксама адзначыла, што «без Божай дапамогі мы не можам зрабіць ніводнага кроку, а такія паломніцтвы, як у Капцёўку, дапамагаюць даверыцца Яму і атрымаць Ягоную падтрымку».



Традыцыйна пілігрымаў вітаў на Узгорку надзеі кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, які разам з парафіянамі штогод гасцінна адчыняе дзверы святыні і дома пілігрыма.

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, узгадваючы, што Паўсюдны Касцёл перажывае Юбілейны Год Міласэрнасці, заахвоціў прысутных да здзяйснення учынкаў міласэрнасці. «Нават найлепшы чалавек не зможа навучыцца дабрачыннасці на працягу аднаго дня. Так, як нельга на працягу аднаго дня навучыцца граць на піяніна ці лятаць на самалёце. Патрэбны час і добрыя настаўнікі», — сказаў святар.

Ксёндз Юрый Марціновіч дадаў, што «важна быць спартыўным, музыкальным, ведаць матэматыку, фізіку і іншыя прадметы», «але вельмі важным з'яўляецца ўменне слухаць сэрца», «важна ўмець убачыць, што хтосьці патрабуе дапамогі». «Бог глядзіць на тое, як мы выкарыстоўваем нашы таленты, але ў першую чаргу Ён глядзіць на нашы сэрцы», — адзначыў святар.

На заканчэнне Імшы былі асвечаны заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці i моладзь прынеслі з сабой у пілігрымцы.

«Мы глыбока верым, што Бог з'яўляецца скарбніцай усялякіх ласкаў, таму давайце папросім у Яго благаслаўлення для ўсіх нашых намаганняў і пачынанняў, якія мы ставім перад сабой у гэтым годзе», — адзначыў біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў літургіі.

Гродзенскі ардынарый падкрэсліў, што дзеці і моладзь — будучыня і надзея Касцёла. «Ужо сёння ад вас залежыць, якім будзе наш гродзенскі Касцёл у недалёкай будучыні. Таму старайцеся не толькі працавіта і пільна здабываць веды ў школе ці іншых навучальных установах, але пазнавайце Пана Бога на занятках рэлігіі, паглыбляйце сваю веру, малітву і любоў да Бога», — дадаў іерарх, звяртаючыся да іх. Біскуп заклікаў дзяцей і моладзь браць толькі добры прыклад ад іншых, а найперш ад сваіх бацькоў і настаўнікаў.

Іерарх падзякаваў святарам, дыяканам, манахіням і катэхетам за тое, што яны стараюцца «перадаць дзецям і моладзі не толькі глыбокія і трывалыя веды, але і вялікія духоўныя каштоўнасці, якія будуць для іх важным арыенцірам у жыцці».

Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы, на якой былі прэзентаваны парафіяльныя групы, што прыбылі ў санктуарый. Было шмат спеваў і радасці. Вясёлай забавай сталі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы спрыялa моладзь з душпастырства «OPEN», якая суправаджалa сустрэчу акампанементам і спевам.



Штогадовая вераснёўская пілігрымка ў санктуарый да Маці Божай у Капцёўку для многіх з дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў — першы абавязковы крок, з якога яны пачынаюць кожны навучальны год.

Алена Садоўская, загадчык кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства ГрДзУ, кандыдат філалалагічных навук, дацэнт і выкладчык Вышэйшай духоўнай семiнарыі ў Гродне, якая традыцыйна прымае ўдзел у гэтай пілігрымцы, добра разумее, што выконваць абавязкі настаўніка — гэта нялёгкая справа. «Нам вельмі патрэбна дапамога нашай Маці, патрэбна Яе прысутнасць ва ўсіх нашых пачынаннях, у вырашэнні нашых бясконцых задач. Тут, на Узгорку надзеі, я чэрпаю сілы, тут у вышэйшай ступені адчуваю Яе дотык, Яе прысутнасць, Яе падтрымку і разумею, што Яна крыніца ўсіх маіх сіл, Яна — Маці, якая падтрымлівае і будзе падтрымліваць мяне», — адзначае Алена Садоўская.

Загадчык кафедры дзеліцца радасцю, што ў пілігрымцы ідзе не адна, а разам са сваімі вучнямі, студэнтамі. «За гэты невялікі прамежак часу здзяйсняецца сапраўдны цуд: мы ідзём адзінай сям’ёй, мы разам молімся, дзякуем за атрыманыя ласкі, просім аб дапамозе ў вучобе і працы, усхваляем Бога сваімі спевамі. З чым можна параўнаць гэтыя шчаслівыя моманты, падчас якіх мы крочым у наш улюбёны санктуарый, дзе заўсёды так гасцінна, утульна, цёпла, дзе, як у бацькоўскім доме, можна адпачыць і душой, і сэрцам! Менавіта так патрэбна далучацца да сапраўдных каштоўнасцяў жыцця. Моцная вера можа зрабіць незвычайныя цуды. Таму даверымся Ёй, нашай Нябеснай Маці, даверымся шчыра і глыбока — і гэта будзе самай надзейнай гарантыяй добрай вучобы, плённай працы, нашых здзяйсненняў і перамогі», — кажа дацэнт.

Дзеці і моладзь Гродна і ваколіц вельмі ўдзячныя сваім біскупам, святарам, сёстрам законным і катэхетам за вялікі клопат, якім яны атачаюць будучыню Касцёла, а таксама кусташу санктуарыя кс. Міхалу Ластоўскаму за арганізацыю пілігрымкі, урачыстасцяў у Капцёўцы і за мноства пазітыўных уражанняў.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.