Упершыню ў сучаснай гісторыі санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі адбылася падвойная ўрачыстасць, звязаная з пакліканнем да манаскага жыцця. 12 верасня з дзяцінства звязаны з гудагайскім касцёлам брат Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста (Генрых Валейка) склаў вечныя манаскія абяцанні, а 13 верасня атрымаў тут дыяканскае пасвячэнне.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў і ўдзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У сваёй прамове іерарх выказаў радасць і ўдзячнасць Пану Богу за тое, што Ён безупынна кліча людзей да манаскага і святарскага служэння. Таксама біскуп даверыў брата Генрыха, кармэлітаў, сясцёр кармэлітанак Дзіцятка Езуса і ўсіх прысутных апецы і заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Святога Шкаплера, якая ў Гудагаі выпрошвае ў Бога ласкі.
Віншуючы брата Генрыха з нагоды пасвячэння ў дыяканы, гродзенскі ардынарый пажадаў, каб ён заўсёды быў верным абранаму шляху паклікання і адважна імкнуўся да святасці.
Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел родныя брата Генрыха, яго браты па супольнасці, законныя сёстры, парафіяне і госці. Дэкарацыі з нагоды пасвячэння падрыхтавала сястра Богна.
На заканчэнне дыякан, дзякуючы Богу за дар жыцця і пакліканне, а таксама сваім блізкім за выхаванне і ўсялякае добро, папрасіў прысутных аб малітоўнай падтрымцы не толькі ў гэты ўрачысты дзень, але і надалей.
Цяпер новы дыякан будзе працягваць падрыхтоўку да святарства.