Пошук

01.09.2016 15:38  

З 21 па 28 жніўня пры касцёле св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне праходзілі «Канікулы з Богам» — сустрэча, якая сёлета аб’яднала больш за паўтысячы маладых парафіян.

Ужо больш за 20 гадоў у апошні тыдзень жніўня ў шчучынскім касцёле збіраюцца дзеці і падлеткі парафіі, каб паразважаць пра Бога, далучыцца да супольнай малітвы і спеваў і проста выдатна правесці час з сябрамі, завесці новыя знаёмствы.

Сёлета дзеці, моладзь і святары разважалі пра ўчынкі міласэрнасці для душы бліжняга: суцяшэннe засмучаных, настаўленнe грэшнікаў і іншыя. Дэвіз «Канікул з Богам-2016» супаў з дэвізам Года Божай Міласэрнасці — «Міласэрныя, як Айцец».

Звычайны дзень «Канікул з Богам» пачынаўся з супольнай малітвы і спеваў. Пасля на сцэне ля касцёла можна было ўбачыць кароткую тэатральную пастаноўку, у якой адлюстроўваўся адзін з учынкаў міласэрнасці. Затым надыходзіў час гульняў і разважанняў, якія рыхтавалі для сваіх падапечных выхавальнікі. Пасля, пачуўшы мелодыю так званай «Бельгійкі», удзельнікі разумелі, што пачынаецца самая вясёлая частка праграмы — танцы — і спяшаліся заняць месца, знайсці партнёра для танцаў. А напрыканцы дня, пасля малітвы, кожны атрымліваў салодкі пачастунак.

Кожны дзень «Канікул з Богам» быў непаўторным, але найбольш чаканымі сталі чацвер і пятніца, калі кожны жадаючы мог паскакаць на батуце, пачаставацца папкорнам і паўдзельнічаць у спартакіядзе.

Паралельна з агульнай праграмай разважанняў на сцэне праходзіў конкурс «Голас “Канікул з Богам”», у якім за тытул лепшага змагаліся як дзеці і падлеткі, так і іх выхавальнікі. Галоўным суддзёй конкурса быў спецыяльна запрошаны айцец Аляксандр Махнач SP, які да верасня мінулага года нёс душпастырскае служэнне ў шчучынскай парафіі.


Аляксей Саладуха, (IL)
фота а. Віталія Слукі SP


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.