З 12 па 14 жніўня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню жыццёвага паклікання.
Сёлетнія духоўныя практыкаванні, якія адбываліся пад кіраўніцтвам кс. Валерыя Быкоўскага і кс. Андрэя Лішко, былі прысвечаны тэме «Міласэрныя, як Айцец». З гэтых слоў міністранты чэрпалі святло для супольнага разважання.
Асноўная думка сустрэч датычылася прагнення ўбачыць няспыннае дзеянне міласэрнага Айца ў жыцці, якое змяняе вобраз мыслення, вучыць ставіць Божую волю на першае месца і робіць здольнымі ўзгадняць свае думкі з думкамі Бога.
![](/3/../2/images/phocagallery/2016/08/2016-08-16-grodna-rekalekcyji/thumbs/phoca_thumb_l_2016-08-14-e-026.jpg)
Насычаная рознымі мерапрыемствамі праграма дня прадугледжвала таксама магчымасць асабістай сустрэчы юнакоў са святарамі і семінарыстамі, падчас якой кожны жадаючы мог у больш вузкім коле задаць хвалюючыя яго пытанні.
Семінарыйная супольнасць спадзяецца, што час рэкалекцый паспрыяе паглыбленню асабістых адносін маладых людзей з Хрыстом, стане яшчэ адной прыступкай да ўнутраных зменаў, духоўнага развіцця і ўзрастання ў любові да Бога і бліжняга.