З 8 па 12 жніўня ў Слоніме пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прайшлі «Канікулы з Богам» для моладзі, якая займаецца спортам. Арганізатарам выступілі кс. Артур Малафей, душпастыр спорту Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама ўвесь трэнерскі штаб футбольнага клуба «Слонім».
Сярод удзельнікаў былі футбалісты, плыўцы, гандбалісты. Моладзь з розных парафій Гродна, Ліды і парафіі ў Росі кожны дзень пачынала святой Імшой. Пасля праходзілі прафесійныя двухразовыя трэніроўкі на штучным футбольным полі ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» у Слоніме.
Адным з пунктаў праграмы для юных спартсменаў стала экскурсія ў Жыровічы.
10 жніўня адбыўся таварыскі матч паміж камандай моладзі «Зборная Гродзенскай дыяцэзіі» і футбольнай камандай «Трактар» з Мінска, якая знаходзілася ў Слоніме на зборах. Выніковы лік — 8:2 на карысць «Зборнай Гродзенскай дыяцэзіі».
Наступны дзень даў магчымасць згуляць таварыскі матч у пляжным футболе супраць прафесійнай каманды Вышэйшай Лігі па пляжным футболе «Фарсаж» (Слонім). Лік гульні — 5:6 на карысць прафесійных пляжнікаў.
12 жніўня адбыўся яшчэ адзін таварыскі матч паміж камандамі «Зборная Гродзенскай дыяцэзіі» і адной з моладзевых каманд «ФК Слонім». Выніковы лік — 5:1 і перамога каталіцкай моладзі.
Акрамя такога насычанага графіка, ранішнія і вечаровыя малітвы, а таксама кароткія разважанні над Святым Пісаннем дапамагалі ўдзельнікам паглыбляць сувязь з Богам.
«Ад імя ўдзельнікаў "Канікул з Богам" выражаю асаблівую падзяку пробашчу парафіі ў Слоніме кс. Ігару Анісімаву, а таксама начальніку ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" (філіял Слонімскага УМГ) — Юрыю Бяссонаву», — адзначае кс. Артур Малафей.