Пошук

10.08.2016 14:29  

9 жніўня ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе пачалася дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу прыбыло 130 хлопцаў з розных парафій Гродзеншчыны.

Дэвіз сустрэчы — «Служба міністранта як адказ на Божую любоў». Праз яго арганізатары вырашылі звярнуць увагу моладзі на тое, што служба пры алтары заўсёды павінна выконвацца з вялікім запалам і адказнасцю.

У першы дзень сустрэчы ўдзельнікі выслухалі канферэнцыю, падрыхтаваную кс. Антоніем Абухоўскім, душпастырам міністрантаў, які звярнуў увагу на тое, што «служыць пры алтары — гэта вялікі прывілей», таму што міністрант заўсёды знаходзіцца найбліжэй да алтара і служыць Богу.



Кульмінацыяй першага дня сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх заахвоціў маладых людзей жыць у сяброўстве з Богам, адзначаючы, што толькі тады жыццё чалавека будзе мець сэнс.

«Божая любоў да нас з'яўляецца бямежнай, і адзіная ўмова, якую мы павінны выканаць, каб пазнаць Ягоную любоў, — гэта адкрыцца на яе і цалкам даверыцца ёй», — сказаў біскуп.

Гродзенскі ардынарый заклікаў міністрантаў адказваць на Божую любоў канкрэтнымі ўчынкамі і словамі. «Калі мы з верай удзельнічаем у святой Імшы — мы разам з Езусам, які ахвяраваў сябе на крыжы, дзякуем нашаму Нябеснаму Айцу», — дадаў іерарх.



Біскуп таксама адзначыў важнасць таго, каб міністрант, выконваючы свае абавязкі пры алтары, стараўся не думаць пра іншыя рэчы, не аглядацца па касцёле, а засяроджваць сваю ўвагу на словах малітвы, на тым, што чуе ў чытаннях і гаміліі, на тым, што адбываецца падчас ажыццяўлення Эўхарыстычнай Ахвяры.

«З любові да Езуса давайце будзем гатовыя да невялікіх ці большых адрачэнняў», — падсумаваў іерарх, жадаючы ўсім удзельнікам сустрэчы, каб яна дапамагла ім яшчэ больш усвядоміць веліч Божай любові да чалавека і магутнасць дзейнасці Яго ласкаў. «Вучыцеся адказваць на Божую любоў не толькі вернай і радаснай службай пры алтары, але і ўсім сваім жыццём», — дадаў біскуп.

У праграме першага дня сустрэчы быў таксама конкурс міністранцкіх ведаў і малітоўнае чуванне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа