З 2 па 7 жніўня ў рэктаральным касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку пры падтрымцы Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прайшла хрысціянская «Школа нараджэння», у якой прыняло ўдзел больш за 30 чалавек — сем’і, акушэры, урачы і інш.
Мэта адукацыйнага курса — у знаёмстве з прынцыпамі і метадамі нараджэння. Курс праводзілі інструктары, якія штогод на сваіх занятках збіраюць да некалькіх дзясяткаў удзельнікаў, што цікавяцца гэтай тэмай.
Варта адзначыць, што ў Беларусі пры парафіях ужо працуюць падрыхтаваныя асобы, якія скончылі такія курсы ў мінулыя гады. Падчас штодзённых сустрэч у «школах» вывучаюцца як тэарэтычныя, так і практычныя пытанні:
- Цяжарнасць і падрыхтоўка да родаў
- Натуральныя роды і каляродавая прафілактыка
- Практыкаванні, якія рыхтуюць да родаў
- Метад дыхання ў асобных фазах родаў, адпачынак
- Роды
- Фізічная і псіхалагічная гігіена ў час цяжарнасці, родаў, фізіялогія родаў
- Практыка пазіцый падчас родаў
- Страхі і неспакой, звязаныя з падрыхтоўкай да родаў, падрыхтоўка плану родаў
- Роды як падзея ў сям’і, роля бацькі ў родах
- Сумесная праца пары, якая рыхтуецца стаць бацькамі, з медыцынскім персаналам
- Апека над немаўлём
- Спавіванне і купанне немаўляці
- Кармленне грудзьмі – другая пупавіна
- Праблемы, звязаныя з лактацыяй
- Роля бацькі ў час кармлення грудзьмі
- Бацькоўства
- Прысутнасць Бога ў выпадку зачацця і развіцця дзіцяці
- Чаканні маці ў дачыненні да бацькі
- Дыялог з дзіцём
Наступныя курсы пройдуць у 2017 годзе.