З 5 па 7 жніўня праходзіла XV пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. «Дакрануцца да Божай міласэрнасці» — такім быў дэвіз пілігрымкі, у якой удзельнічала каля 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Масквы і Вільнюса.
У пілігрымцы прымалі ўдзел розныя пакаленні вернікаў, але найбольш — моладзі. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічалі ў сёлетніх Сусветных днях моладзі ў Кракаве, адкуль прывезлі ўспаміны, якімі дзяліліся з прысутнымі.
З кожным годам пілігрымаў на шляху ў Рось становіцца больш, усё новыя людзі «зараджаюцца» прагай пілігрымавання ад сваіх знаёмых. Шляхам пілігрыма ідуць і тыя, для каго, як кажуць самі, пілігрымаванне да Езуса Журботнага стала традыцыяй.
Шлях праходзіў праз розныя мясцовасці і вёскі, уключаючы сустрэчы з людзьмі, якія выносілі кубак зімной вады, гародніну і садавіну са сваіх падворкаў, прысмакі…
У Юбілейны Год Міласэрнасці пілігрымы маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Ва ўсіх вёсках пры крыжах, дзе збіралася вялікая колькасць вернікаў, каб прывітаць пілігрымаў, разам з вяскоўцамі пілігрымы падчас малітвы прасілі Бога, каб быў міласэрны да іх і ўсяго свету.
Такім чынам арганізатары пілігрымкі хацелі нагадаць аб вартасці і сіле гэтай малітвы, а таксама заахвоціць людзей прамаўляць яе кожны дзень.
Цэнтральным пунктам кожнага дня пілігрымкі была святая Імша. Сёлета Эўхарыстыю штодзень цэлебравалі гродзенскія біскупы, якія хацелі такім чынам суправаджаць сваіх дыяцэзіян у дарозе да санктуарыя.
Ад імя пілігрымаў хачу выказаць удзячнасць усім, хто актыўна ўключыўся ў арганізацыю пешай пілігрымкі: святарам, семінарыстам, тым, хто прымаў на начлег, рыхтаваў пасілак, усім людзям добрай волі за тое, што не былі абыякавымі, а праз слова і ўчынак рабілі дабро бліжняму.