Моладзь шчучынскай парафіі Св. Тэрэзы Авільскай прыняла ўдзел у даўно запланаваным адпачынку ў форме тыднёвых рэкалекцый. Летнік пачаўся 18 ліпеня.
«Колькасць ў 27 чалавек мяне, як выхавальніка і аднаго з арганізатараў, даволі моцна насцярожыла, але не спужала і не спыніла, — падзялілася з Catholic.by Алена Мыслівец. — Вясковая хата, вакол авечкі, рэчка, мясцовыя жыхары і наперадзе сем дзён невядомасці…»
Хутка стварыць незвычайную, сямейную і сяброўскую атмасферу сярод моладзі дапамаглі камандныя спаборніцтвы «Я ведаю Беларусь», «Танцавальны батл 2016», «Нечаканая казка» і многія іншыя. «Акрамя гэтага, былі смачная ежа, плясканне ў вадзе, звычайныя размовы», — распавядае Алена Мыслівец.
Чырвонай стужкай праз адпачынак праходзіла тэма сямі смяротных грахоў. Чытанне Божага слова і разважанні над ім, дзяленні, падрыхтаваны самімі падлеткамі Крыжовы шлях, пустыня, малітва дапамагалі дасягнуць самых глыбокіх і замаскіраваных «хранічных захворванняў» душы.
«Адкрытых фортак для нежаданых гасцей у нашым жыцці знайшлося нечакана шмат, — дадае Алена Мыслівец. —Ужо гатовыя сябе “закапаць” як горшых грэшнікаў на свеце, мы атрымалі падарунак ад самога нашага Айца: Дух Святы прыйшоў ласкай вялікай любові і прабачэння».
«Я дапамагаю арганізоўваць такія адпачынкі не першы год, але магу ўпэўнена сказаць, што такую прысутнасць Бога ва ўсіх Трох Асобах перажыла ўпершыню, — прызнаецца Алена. — І, што самае галоўнае, моладзь сведчыла пра вельмі падобнае адчуванне.
Шчучынская моладзь удзячна пробашчу парафіі а. Вітальду Пяцельчыцу за магчымасць такога адпачынку; Віталю Вароніку — за смачную кашу і не толькі, Юліі Атрашкевіч — за бескарыснае служэнне».
(AG)
Фота Юліі Атрашкевіч