Пошук

26.07.2016 12:06  

25 ліпеня на другім ярусе Брамнай (уязной) вежы Мірскага замка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў адноўленую капліцу св. Крыштафа. Мерапрыемства было прымеркавана да 400-годдзя з дня смерці князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі.

Гэтым князем у канцы XVI стагоддзя ў замку была заснавана і асвечана ў гонар яго нябеснага заступніка каталіцкая капліца.

Урачыстасць пачалася ў парафіяльным касцёле св. Мікалая ў Міры, дзе шматлікіх прысутных прывітаў мясцовы пробашч кс. Аляксандр Севасцьяновіч і дырэктар замкавага комплекса «Мір» Вольга Папко.

Ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч выказаў вялікую радасць з таго, што ў літургічны ўспамін св. Крыштафа праходзіць гэтая ўрачыстая падзея, якая сабрала гасцей з Міра і наваколля. Дырэктар замкавага комплекса выказала надзею, што такія сустрэчы і супольная малітва ў літургічны ўспамін св. Крыштафа могуць стаць штогадовай прыгожай традыцыяй.

Затым прысутныя прайшлі да замка, у двары якога маглі паслухаць класічную музыку, пабачыць архітэктуру, якую пакінуў род Радзівілаў.

Звяртаючыся да сабраных, біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што гэта знакавая i гiстарычная падзея для нашай краiны, дадаўшы, што дзякуючы намаганням шматлiкiх людзей гiстарычная спадчына ўратавана i адноўлена.

«У гэтай каплiцы чалавек будзе мець магчымасць упрыгожыць сваю душу праз малiтву i Божую ласку, а заклікаючы заступнiцтва святога Крыштафа, можа атрымаць у Бога благаслаўленне i падтрымку», — дадаў іерарх.

Біскуп выказаў удзячнасць роду Радзiвiлаў, якi пакiнуў нашчадкам гэты цудоўны архiтэктурна-духоўны помнiк, усiм, хто ажыццявiў рэстаўрацыю каплiцы, а таксама тым, хто зрабiў магчымым гэтае набажэнства.

«Няхай гэтая каплiца ўносiць свой уклад у духоўнае адраджэнне турыстаў i ўсiх людзей, якiя будуць наведваць гэты гiстарычны аб’ект», — пажадаў гродзенскі ардынарый.

Затым адбылося асвячэнне капліцы, да якой трэба было ўвайсці на замкавую вежу. Капліца невялікая, у цэнтры яе знаходзіцца крыж і фігура св. Крыштафа. Прысутныя, бачачы гэтую ўратаваную ад знішчэння і адноўленую спадчыну, мелі магчымасць дакрануцца да гісторыі мінулых пакаленняў.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа