Асаблівая малітва за ахвяр апошніх тэрактаў і аб дары міру ў свеце адбылася ў Навумавічах каля Гродна, на месцы масавага пахавання людзей, жорства забітых у часы Другой сусветнай вайны.
16 ліпеня, у 73-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, якая вырашыла аддаць жыццё за сваю нявестку і яе ненароджанае дзіця, святароў і жыхароў Гродна і Ліпска, у навумавіцкім лесе прайшла ўрачыстая святая Імша.
Месца адарвання чалавека ад усяго
На ўрачыстасці, каб аддаць пашану мучанікам, шмат людзей прыйшло ў пешай пілігрымцы. Прыехалі жыхары Гродна і наваколля, якім гэтае месца асабліва блізкае. Сотні вернікаў прыбылі памаліцца ў цішыні навумавіцкага лесу, ушанаваць памяць мучанікаў гэтай зямлі, прыгадаць забітых у часы вайны — вядомых па імені і прозвішчы і тых, аб якіх ніхто не ведае і не памятае.
У лесе, які быў нямым сведкам драматычных падзей таго часу, святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У гаміліі іерарх адзначыў, што гэты лес — асаблівае месца для Гродна і для жыхароў суседняга Ліпска, бо ён кожны раз «узрушвае нашы сэрцы і нагадвае жыццярыс асобаў, якія тут загінулі», з’яўляецца «месцам адарвання чалавека ад усяго».
Пачуць пасланне міру
Біскуп дадаў, што пасля малітвы ў гэтым месцы кожны ўдзельнік літургіі павінен вынесці для сябе пасланне міру і абвяшчаць мір у сваім атачэнні.
«Менавіта адсюль свет павінен пачуць, што сапраўдны мір базуецца на запаведзях любові да Бога і іншага чалавека, незалежна ад яго нацыянальнай ці рэлігійнай прыналежнасці. Без захавання гэтых запаведзяў загіне ўсё чалавецтва», — заўважыў іерарх.
Біскуп адзначыў, што сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі адраджаецца і ўзрастае ў колькасці з пасеву крыві мучанікаў і жыве памяццю перамогі, якую яны здабылі на гэтай зямлі.
«Благаслаўлёныя мучанікі заклікаюць да нашых сэрцаў: Паверце, што Бог ёсць любоў! Абудзіце ў сабе надзею! І няхай гэтая надзея прынясе ў вас плод вернасці Богу ва ўсялякім жыццёвым выпрабаванні!» — сказаў іерарх.
Падчас Эўхарыстыі маліліся аб дары міру для ўсяго свету, а асабліва за ахвяр апошніх тэрактаў у Ніцы (Францыя), аб міры ў кожнай сям’і і ўсюды, дзе яго не хапае.
У сёлетняй малітве прыняла ўдзел дэлегацыя з радзімы благаслаўлёнай Мар’яны: бурмістр Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы) Лех Лепіцкі і праўнук благаслаўлёнай Станіслаў Бетко.
Кс. Юрый Марціновіч, (AG)