Пошук

18.07.2016 00:00  

17 ліпеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў парафію Святога Казіміра ў Ліпнішках, дзе падчас святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 60 вернікам.

Сакрамэнт канфірмацыі вельмі важны ў жыцці хрысціяніна, паколькі робіць здольным мужна вызнаваць сваю веру і жыць паводле яе прынцыпаў.

На Імшы іерарх асаблівым чынам маліўся аб міры ў свеце, якога сёння так часта не хапае, а таксама аб міры і згодзе ў кожнай сям’і парафіі ў Ліпнішках.

Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Спасылаючыся на чытанне Евангелля гэтага дня, святар адзначыў, што «сучасным людзям патрэбны Пан Бог і ўласныя рукі; патрэбна Божае слова і ўласны розум; патрэбны малітва і праца».

«Сёння трэба жыць на зямлі, але не для зямлі. Трэба карміцца пладамі зямлі, але больш любіць нябесны пасілак. Ва ўсіх сваіх справах кіравацца прынцыпам: усё на большую хвалу Бога», — сказаў кс. Юрый Марціновіч.

Вернікі, якія прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаліся штодзённа ўзрастаць у Божай ласцы і жыць Евангеллем, паабяцалі дбаць аб сваім духоўным развіцці і быць вестунамі міру ў сваім асяроддзі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да тых, хто быў у гэты дзень узбагачаны дарамі Духа Святога, адзначыў, што «вера — найкаштоўнейшае багацце, якое мы можам пакінуць іншым». Іерарх пажадаў, каб «усе праз сваё жыццё маглі пакінуць найлепшую спадчыну веры, веры ў Бога вернага, Бога, які заўсёды побач з намі, Бога, які з’яўляецца Айцом і ніколі не адыйдзе».

Гродзенскі ардынарый падзякаваў айцам капуцынам, якія працуюць у парафіі ў Ліпнішках, за іх ахвярнае служэнне і адданасць Касцёлу.

(JM), (AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.