Кожны год шкаплерная сям'я з усёй Беларусі збіраецца ў Гудагаі, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Шкаплернай. Таксама і сёлета 16 ліпеня цэлы дзень у маленькае мястэчка на мяжы з Літвой прыбывалі пілігрымы пешшу, на веласіпедах, машынах і аўтобусах.
Вечарам святую Імшу для вернікаў цэлебраваў новапрэзбітэр а. Аляксандр Стока OCD. На Эўхарыстыі таксама прысутнічаў а. Аркадзь Куляха OCD, які ў гэты дзень адзначаў свой 50-гадовы юбілей. Гудагайская парафія была першай пляцоўкай яго душпастырскага служэння.
Пасля Імшы а. Аляксандр Стока удзяліў усім прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.
Потым адбыўся традыцыйны Крыжовы шлях па гудагайскай Кальварыі. Каля тысячы вернікаў прайшлі больш за 7 кіламетраў праз узгоркі і лес, разважаючы над цярпеннем Езуса Хрыста.
Завяршэннем гэтага дня стала працэсія са свечкамі і святая Імша апоўначы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
«Рыхтуючыся да стагоддзя Фацімскіх аб’яўленняў, прагнем у гэтым святым месцы з новай сілай пачуць заклік нашай Нябеснай Маці да пакаяння, каб перастаць абражаць Бога нашымі грахамі», — заўважыў біскуп у гаміліі.
Іерарх таксама адзначыў, што ўрачыстасці ў Гудагаі — яшчэ адна магчымасць падзякаваць Богу за 25-гадовы юбілей аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
«Сёння ў гэтым санктуарыі праз рукі Маці Божай Шкаплернай будзем узносіць падзяку Усемагутнаму Богу за 25 гадоў рэлігійнай свабоды ў нашай краіне і развіццё нашага Касцёла», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Пасля Імшы пачалося традыцыйнае начное чуванне ў касцёле. Вернікі з усёй Беларусі звярталі свае просьбы і падзякі да Маці Божай Шкаплернай, трываючы ў малітве да світання.
А. Сяргей Трысцень OCD, (MV)
Фота Аляксандры Шчыглінскай