Пошук


«Шаноўная Гродзенская дыяцэзія, сёлета цябе можна павіншаваць з сярэбраным юбілеем!» — з такімі словамі звярнуўся на ўрачыстай Імшы ў Тракелях біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў дзённую Эўхарыстыю 9 ліпеня.

Духавенства Гродзенскай і іншых дыяцэзій, прыбылыя напярэдадні пілігрымы і тыя, хто прыехаў у гэты дзень, каб пакланіцца Маці Божай Каралеве сем’яў, сабраліся ля галоўнага алтара, на якім быў пазначаны дэвіз сёлетніх тракельскіх святаў: «Дзякуем і давяраем Марыі».

Як адзначыў кс. Генрык Яблонскі, «дзякаваць сапраўды трэба за многае», бо за 25 гадоў заснавання дыяцэзіі, дзейнасці адноўленых структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, адбыліся шматлікія прагрэсіўныя змены.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які прамовіў гамілію, адзначыў, што «ў сэрцы Гродзенскай дыяцэзіі сам атрымаў фармацыю і стаў святаром» і што менавіта гэтая дыяцэзія выгадавала трох новых біскупаў: «Гэта той дар для Касцёла, які быў выпрашаны вамі».

«Гродзенская дыяцэзія — як сям’я, дзе няма чужых, дзе ўсе з’яўляюцца дзецьмі Божымі. Фундамент гэтай сям’і — прынцып служэння, прыклад якога мы бачым у Марыі. Як толькі Марыя атрымала і прыняла ад Бога сваю місію, адразу паспяшалася да сваёй сваячкі, каб служыць ёй», — сказаў віцебскі ардынарый.

«Кожнае пакліканне — гэта служэнне. І служэнне іншым — гэта заўсёды крыж. Менавіта на дарозе свайго паклікання кожны рэалізуецца як чалавек. І прынцып служэння актуальны заўсёды, як у святарскім, манаскім пакліканні, так і ў сямейным», — падкрэсліў іерарх.

«Я нясу цябе ў сваім сэрцы»

Біскуп распавёў гісторыю сына і бацькі, дзе апошні хварэў на алкагалізм. Аднойчы, калі ў чарговы раз сын нёс на плячах свайго п’янага бацьку дадому, той сказаў: «Пакінь мяне». На гэтыя словы сын адказаў так: «Тата, калі я цябе кіну, то мне не будзе лягчэй, бо я нясу цябе ў сваім сэрцы».

«Так і Езус, Ён нясе кожнага з нас у сваім сэрцы і не кіне, і для Яго нашыя беды — і Яго беды», — дадаў іерарх.

Таксама біскуп падкрэсліў, што ў сувязі з Годам Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле на першае месца сярод учынкаў міласэрнасці варта паставіць прабачэнне.

«Менавіта прабачэнне ацаляе асобу не толькі ў духоўным плане, але нават і ў фізічным», — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да моладзі, біскуп параіў ёй падзякаваць асаблівым чынам за сучасныя сродкі камунікацыі, якія дапамагаюць быць разам з іншымі людзьмі нават на адлегласці. Аднак разам з тым віцебскі ардынарый заўважыў, наколькі важным з’яўляецца непасрэдны кантакт, сустрэча «твар у твар».

Такая сустрэча, па словах іерарха, — непасрэдная, адбываецца ў чалавека з Богам падчас малітвы. Біскуп дадаў, што ў пазнанні Бога таксама дапамагаюць тэхнічныя сродкі, але яны ніколі не заменяць жывой сувязі з Богам.

«Таму няхай Бог дае мудрасць карыстацца дасягненнямі свету, каб усё ад іх выкарыстання ішло на карысць служэння чалавеку», — пажадаў віцебскі ардынарый.

«Няхай Маці Міласэрнасці ў гэтым дапамагае! Няхай тут — у Тракелях — нашыя сэрцы яшчэ больш адкрываюцца на Божую міласэрнасць, бо без яе мы не зможам глядзець у будучыню з надзеяй.

Сёння Маці Божая прыходзіць, каб сустрэцца з чалавекам твар у твар. Няхай наша вера будзе нашым адказам на Яе любоў і апеку, — сказаў біскуп. — І няхай Гродзенская дыяцэзія застаецца прыкладам веры для астатняй Беларусі, асабліва для яе ўсходняй часткі, дзе Касцёл будуецца на людзях, многія з якіх таксама паходзяць з Гродзеншчыны.

Няхай Бог благаслаўляе ў Юбілейны Год і надалей, каб было як мага больш сэрцаў, якія будуць верныя Марыі і Касцёлу».

Напрыканцы Імшы прысутным было ўдзелена пастырскае благаслаўленне, а таксама складзена падзяка многім святарам і свецкім асобам, якія сваім служэннем спрыяюць духоўнаму жыццю дыяцэзіі і развіццю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, які сёлета адзначае 25-годдзе біскупскай сакры і 40-годдзе святарскага служэння, была падаравана копія абраза Маці Божай Тракельскай.


Аксана Ючкавіч

Фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця