За дар Панны Марыі, якая вядзе дарогамі міласэрнасці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падзякаваў Богу ва ўступным слове на начной Імшы, якую быў запрошаны цэлебраваць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Дзякую вам за прыбыццё і за дар супольнай малітвы, якую ўзносім праз заступніцтва Маці Божай Тракельскай», — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных.
«Няхай Маці Божая выпрошвае ў свайго Сына ласку жывой веры, каб кожная хрысціянская сям'я кіравалася ў сваім жыцці Божымі запаведзямі і евангельскімі каштоўнасцямі», — пажадаў іерарх, дадаўшы, што толькі тады «ў нашых дамах запануе згода, радасць, узаемапавага і сапраўдная любоў».
Імша апоўначы — прыгожая традыцыя вялікіх урачыстасцяў, якая дапаўняецца ўрачыстай працэсіяй, але, паколькі ў гэтым годзе было дажджлівае надвор'е, працэсія была адменена.
«Будзь прывітана, Каралева, Маці Міласэрнасці», — паўтаралі вернікі рэфрэн псальма на Імшы. Уся пляцоўка ля касцёла і ля алтара поўнілася людзьмі, якія не разышліся і пасля Эўхарыстыі.
Яшчэ перад прыйсцем першых пілігрымак Марыя Аўдзевіч, якая прыехала з Ліды і сядзела на лаўцы, вымяраючы ціск, на пытанне: «Ці вы ўсю ноч будзеце?» — адказала: «Так, я прыехала маліцца, каб быць тут да самага канца. Вось крыху ціск павысіўся, паглядзела, каб ведаць, ці піць таблетку. Зараз вып'ю, ды буду маліцца».
У гаміліі біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка адзначыў, што прысутнасць пілігрымаў у Тракелях сведчыць пра тое, што Маці Божая з'яўляецца вялікім скарбам для іх, вялікім скарбам для Гродзенскай дыяцэзіі, 25-годдзе заснавання якой святкуецца сёлета.
«Два культы — Найсвяцейшага Сакрамэнту і Маці Божай — дапамагалі ў aдраджэнні дыяцэзіі», — падкрэсліў біскуп.
Іерарх назваў вельмі важным тое, што просты верны люд працягвае маліцца Ларэтанскую літанію, ушаноўваючы гэтым Марыю, якая ўвасабляе тую, якая ідзе, каб адведваць; тую, якая вучыць не валадарыць, але служыць.
Таксама пастыр адзначыў, што ўсё больш людзей у нас імкнецца пераймаць шлях Марыі, усё больш людзей моліцца на брэвіярыі, што дапамагае яшчэ больш ахвяроўваць Богу сваё жыццё.
Пінскі ардынарый таксама падзякаваў тым, хто, як Марыя, сваім служэннем давалі і даюць прыклад новым святарам, якія з'явіліся дзякуючы старому пакаленню, якое абудзіла гэтыя святарскія пакліканні.
Пасля благаслаўлення вернікі засталіся на начное чуванне, каб прабываць побач з Маці Божай — Каралевай сем'яў, беларускіх сем'яў, якія патрабуюць і малітвы, і адвагі, і моцнай веры, каб вытрымаць у Божай праўдзе і радасці.
Каралева сем'яў, Маці Божая Тракельская, апякуйся беларускімі сем'ямі, вялікай сям'ёй нашага беларускага народа, каб яна была адзіная ў адданым служэнні Божай Праўдзе і адраджэнню нашай краіны, мужным трыванні ў цяжкасцях.
Аксана Ючкавіч
Фота Марыны Валасар