Пошук


З радасцю і задумённасцю, з надзеяй і падзякаю, з верай і просьбамі, а хтосьці са слязьмі і турботамі... Пілігрымы, якія прыйшлі ў санктуарый у Тракелях, каб схіліцца перад абразом Маці Божай і праз Яе лагоднасць стаць бліжэй да Айца і Сына, дзеляцца сваімі трыма запаветнымі словамі, з якімі ішлі да Багародзіцы.

Тры словы школьніц Дашы, Леры і Міланы з ашмянскай пілігрымкі — вера, надзея і просьба.

«З вераю — бо ёй жывём, з надзеяй — бо Марыя нам дапамагае, і з просьбаю — бо маем шмат просьбаў, асабліва аб тым, каб спыніліся войны», — патлумачылі дзяўчаты.

Яраслаў і Уладзіслаў прыехалі ў Тракелі з Макараўцаў — парафіі Узвышэння Святога Крыжа, і іх тры словы:

«Мір, дабро, супакой» — у Яраслава, які просіць найперш аб тым, каб свет існаваў без войнаў.

З «любоўю, дабрынёй, міласцю» прыйшоў да Марыі Уладзіслаў: «З любоўю — бо менавіта яна кіруе светам, каб жа любіць — трэба быць добрым».

«Прагну жыць, як Яе Сын»

Сястра назарэтанка Ганна Мацуль CSFN, якая прыйшла ў гродзенскай пілігрымцы, сказала, што яе тры ключавыя словы — «Марыя – Маці жыцця», якая вядзе да Езуса. «Да Яе я прыйшла з падзякаю і просьбаю. А яшчэ, — дадае манахіня, — я прыйшла са словамі песні "Прагну жыць, як Яе Сын", бо менавіта так жыць вучыць Маці Божая».

Дзяўчаты Ірына і Святлана, якія прыйшлі ў Тракелі таксама з Гродна, распавялі, што іх словамі-лейтматывам сталі «падзяка за дар жыцця, просьба аб благаслаўленні і жаданне пабыць побач з Марыяй, парадавацца разам з Ёй».

Ганна, якая ішла пяшком з Ліды (м-н Індустрыяльны), прыйшла з ахвярай, просьбай і падзякай за ласкі для яе асабіста і для сям’і.

«Я кожны год бываю, але мяне прывозілі ў машыне, аднак у гэтым годзе я ішла пяшком, бо маю сваю асаблівую інтэнцыю», — кажа жанчына.

Дзесяцігадовы Уладзік з Ваўкавыска, які ішоў у пілігрымцы ўпершыню і якому, як прызнаўся ён, вельмі спадабалася, прынёс Марыі «малітву, песню і працу».

«“Буду танцаваць перад Тваім тронам” — гэта мой любімы спеў», — падзяліўся пілігрым.

Сапраўднымі танцамі ў дарозе да Маці Божай Тракельскай праслаўляла Бога і моладзь пешай пілігрымкі з Ліды (Фара), якая доўжылася адзін дзень. Многія з пілігрымаў толькі нядаўна вярнуліся з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, куды ішлі дзевяць (!) дзён. Але і пілігрымка ў Тракелі -- не апошняе пешае падарожжа ў летнім календары лідскай моладзі.

"Зусім хутка стартуе і пілігрымка ў Навагрудак. Увогуле, нашы бацькі ўжо не здзіўляюцца, што нас часта няма дома: лета - час пілігрымак", -- з усмешкай адзначае моладзь.

Аксана Ючкавіч,
Фота Марыны Валасар

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця