Пошук

08.07.2016 18:13   Ілья Лапато / Catholic.by

Ксёндз Аляксандр Рудзевіч ужо восьмы год працуе ў тракельскай парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, і пяць з іх у якасці кусташа санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі – Каралевы сем’яў у Тракелях.

А калісьці, яшчэ будучы міністрантам, ён прыходзіў сюды звычайным пілігрымам.

«Я паходжу з парафіі ў Жалудку. Калі мы толькі распачыналі пілігрымку ў Тракелі, не ўсе адважваліся ісці пяшком, бо дарога займала каля 80 км. Гледзячы на цяперашні час, колькасць пілігрымаў павялічылася. Калі раней у Тракелі прыходзіла каля 500 пешых пілігрымаў, то сёння – ужо больш за дзве тысячы», — адзначае святар.

Асноўную частку пілігрымаў складае моладзь. Паводле слоў кусташа, гэта сведчыць пра тое, што маладое пакаленне імкнецца да Бога і, прыходзячы ў Тракелі, хоча праз Марыю перапрасіць за правіны і пачаць духоўнае жыццё нанова.

Сёлетняя асаблівасць

«У гэтым годзе мы святкуем 25-годдзе Гродзенскай дыяцэзіі і служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча. Таму ўрачыстасці ў Тракелях будуць таксама падзякай Пану Богу за біскупскае служэнне і за гады існавання дыяцэзіі», – дадае святар.

Як расказаў кс. Аляксандр, падрыхтоўка да ўрачыстасцяў пачынаецца прыкладна за два месяцы сустрэчай святароў, падчас якой складаецца праграма святкаванняў, вызначаецца спіс гасцей і адказных за арганізацыю ўрачыстасцяў.

«Падрыхтоўка, як і кожны год, займае пэўны час, але дзякуючы ахвярным парафіянам, а таксама вернікам з прылеглых парафій, праца спорыцца, — заўважае кусташ. — Варта адзначыць і дапамогу мясцовай улады, якая вельмі дарэчы ў арганізацыі сустрэчы пілігрымаў у санктуарыі».

У мінулым годзе ў Тракелі прыйшло каля 16 пілігрымак, у якіх прынялі ўдзел 2 300 чалавек. Пробашч тракельскай парафіі адзначае, што сёлета, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, у санктуарыі чакаюць тую ж колькасць пешых вернікаў.

Самымі працяглымі пілігрымкамі, якія ідуць пяць дзён, з’яўляюцца пілігрымкі з Гродна і Ашмян. Пілігрымкі з Воранава і Ліды прыбываюць у санктуарый уначы. Акрамя пешых пілігрымаў, у Тракелі прыбываюць на роварах, аўтобусах і аўтамабілях.

«Летась у Тракелі завітала больш за 8 тысяч вернікаў, – дадае кс. Аляксандр. – Не толькі беларускія вернікі прыходзяць пакланіцца Маці Божай Тракельскай, але і госці з-за мяжы».

Святар адзначае, што абраз Маці Божай заўсёды суправаджае яго па жыцці: «Дзе б я ні нёс душпастырскае служэне, Марыя была побач у цудадзейных абразах Маці Божай Чэнстахоўскай, Кангрэгацкай, Тракельскай...»

«Гэта асаблівае месца не толькі ў маім жыцці, але і ў жыцці маіх парафіян», — заключае кусташ.

Ілья Лапато, фота Марыны Валасар

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.