Пошук

06.07.2016 12:28  

4 ліпеня з Гродна вырушыла пешая пілігрымка ў дыяцэзіяльны санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі — Каралевы сем’яў — у Тракелi. За пяць дзён пілігрымы пройдуць каля 150 км.

Па дарозе прадугледжаны час на адпачынак, і, канешне, на малітву. У пілігрымцы бяруць удзел вернікі самых розных узростаў. Большую частку складае моладзь, але і старэйшыя асобы таксама крочаць пешшу да Маці Божай Тракельскай.

Наймалодшым удзельнікам пілігрымкі стала пяцігадовая Аляксандра Галонзская, якая распавяла, што «ідзе да Маці Божай, каб папрасіць аб здароўі для ўсіх людзей».

Сваім прыкладам дзяўчынка дадае энергіі астатнім пілігрымам, падчас прыпынкаў не сядзіць на месцы, увесь час пераходзячы ад адной купкі людзей да іншай, размаўляючы і дзелячыся сваімі перажываннямі. к«Стамляюся фізічна, але адпачываю духоўна»

Для многіх пілігрымаў маршрут ужо добра вядомы, многія ідуць ім не першы раз. Як, напрыклад, Анастасія Паўлючык, для якой гэтая пілігрымка — пятая па ліку. Дзяўчына падкрэслівае, што святкуе тут маленькі «пілігрымкавы» юбілей.

«Я іду ў Тракелі, каб сказаць нашай Маме вялікі дзякуй. Пастаянна, калі звяртаюся да Яе з просьбамі, то Марыя заўсёды мяне чуе», —  дзеліцца Анастасія.

Цудоўным і благаслаўлёным часам называе дарогу ў Тракелі Аляксандра Слуцкая, якая ў пілігрымцы Гродна-Тракелі ідзе трэці раз.

«У пілігрымцы я вельмі стамляюся фізічна, але адпачываю душой. Гэта такі час, калі цалкам можна даверыцца Богу і ўсе свае праблемы адкінуць на другі план», — дадае дзяўчына. к«Ідзём дружнай сям’ёй»

Сямейная атмасфера — адна з асаблівасцяў пешага падарожжа. Адсюль і рэкамендацыя, каб праз увесь час пілігрымкі звяртацца да бліжняга «брат» і «сястра». Тут не павінна быць лепшых і горшых, бо ўсе — аднолькавыя. Для кожнага аднолькава свеціць сонца і аднолькава ідзе дождж, кожны спажывае такі ж самы пасілак і ўдзельнічае ў адной праграме.

Ірэна Пушкевіч падкрэслівае, што ў пілігрымцы заўсёды ёсць добрая кампанія, дзе «вельмі добра і ўтульна сябе адчуваеш».

«Ідзём дружнай сям’ёй, бо заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Таксама ёсць пытанні, якія трэба задаць манахіням і святарам і якія вельмі важныя для будучыні», — кажа дзяўчына. кМіласэрнасць як аснова

Пешая пілігрымка Гродна-Тракелі ладзіцца ўжо ў 18-ы раз. І гэтым разам яе асаблівасць у тым, што праходзіць яна ў Юбілейны Год Міласэрнасці.

Арганізатары сёлетняй пілігрымкі прапанавалі маладым людзям, каб шлях да Тракеляў быў сапраўднай дарогай міласэрнасці. Таму і канферэнцыі падчас пілігрымкі прысвечаны тэме паяднання з Богам і вучаць таму, як самому быць міласэрным у сучасным свеце, несучы любоў і міласэрнасць іншым.

Сястра назарэтанка Назарыя Міклаш CSFN, якая бярэ ўдзел у пілігрымцы, зазначае, што канферэнцыя дазваляе ўдзельнікам яшчэ лепш зразумець, чым з’яўляецца міласэрнасць і як яна павінна быць рэалізавана ў дачыненні да бліжніх:

«Для мяне асабіста гэта магчымасць задумацца над тым, што такое міласэрнасць і як я сёння магу яе несці тым людзям, якіх Пан Бог ставіць на дарозе майго жыцця», — дадае манахіня. к«У пілігрымцы прымушае ісці вера»

Варта заўважыць, што, выбіраючыся ў такую дарогу пешшу, пілігрымы не ведаюць, ці будзе ў іх дах над галавой і ці накормяць іх, а для гэтага трэба мець у сабе шмат адвагі.

«У пілігрымцы прымушае ісці вера, не толькі якісьці інтарэс», — зазначае Дзмітрый Роўны, які ідзе ў Тракелі ў другі раз. Хлопец дадае, што няма сэнсу сядзець усё лета ў камп’ютары за праглядам фільмаў — «гэты час можна перажыць з карысцю».

Дзмітрый мае з сабою брэвіярый для свецкіх на рускай мове. Як сам зазначае, узяў яго невыпадкова, бо стараецца кожны дзень маліцца, прагаворваючы асобныя часткі брэвіярыя.

Кожны ўдзельнік пілігрымкі нясе розныя інтэнцыі да Марыі, каб дапамагла ісці праз жыццё. Шмат маладых людзей ідзе з інтэнцыяй падзякі за добра здадзеныя экзамены і з просьбай аб далейшай Божай апецы. к

«Абяцаў Марыі, што пайду»

Віталій Снапко зазначае, што яго галоўнай інтэнцыяй з’яўляецца ўдзячнасць Марыі за дапамогу ў вучобе.

«Я абяцаў Марыі, што, калі здам добра сесію, то прайду гэтыя 150 км як удзячнасць Ёй за гэта. У Тракелі таксама іду, каб падзякаваць за ўсё дабро, за цудоўных бацькоў і за кожны дзень, бо Бог заўсёды з намі», — дадае Віталій. кПерад пілігрымамі яшчэ добры кавалак дарогі. І перад тым, як дайсці ў Тракелі і паглядзець у ласкавыя вочы Маці Божай у Яе цудатворным абразе, яны павінны пераадолець яшчэ шмат кіламетраў.

Хацелася б пажадаць, каб гэтая пілігрымка змяніла яшчэ не адно сэрца і каб Марыя, Каралева нашых сем’яў, мела ў сваёй асобнай апецы ўсіх дзяцей Касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч, (IL)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця