30 чэрвеня ў парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў 34 вернікам сакрамэнт канфірмацыі.
Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт, у гаміліі кс. Раман Катлімоўскі адзначыў, што ў гэты дзень яны з’яўляюцца «людзьмі глыбокай веры, веры ў Езуса Хрыста, жывога і праўдзівага Бога».
Святар заклікаў маладых людзей не паддавацца сучаснаму ўплыву, які можа адвярнуць ад Бога. «Сакрамэнт канфірмацыі дае магчымасць адчуць радасць з таго, што я жыву з Богам, якім магу дзяліцца з іншымі людзьмі», – сказаў кс. Раман Катлімоўскі.
Перад абрадам удзялення сакрамэнту хрысціянскай сталасці ўсе кандыдаты, а таксама прысутныя парафіяне і госці на чале з гродзенскім пастырам малітоўным спевам заклікалі «Дух Святы, прыйдзі», каб «чалавечая душа магла жыць у паўнаце з Хрыстом».
Напрыканцы біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да моладзі, якая прыняла сакрамэнт канфірмацыі, словамі св. Яна Паўла II: «Вы – надзея краіны і Касцёла! Будзьце сапраўднымі сведкамі Хрыста ў сваім асяроддзі!»
Анастасія Мішкура, (AG)