26 чэрвеня ў парафіі Святога Юды Тадэвуша ў Вішневе Смаргонскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі адбылася парафіяльная ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Гэты парафіяльны адпуст заўсёды пераносіцца на нядзелю, каб як мага больш людзей (у тым ліку з-за мяжы, пераважна з Літвы) магло прыняць у ім удзел.
46 парафіян падчас гэтага фэсту прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Ім дапамагала рыхтавацца да гэтай урачыстасці катэхетка Жанна Гацко. Моладзь вішнеўскай парафіі прайшла таксама духоўную падрыхтоўку: на працягу катэхетычнага года ўдзельнічала ў катэхезах, набажэнствах, спавядалася раз у месяц.
Шматлікія вернікі радаваліся з прыбыцця на ўрачыстасць дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, які цэлебраваў адпустовую Імшу, прамовіў гамілію і ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці.
У гаміліі біскуп, засяродзіўшы ўвагу на постаці святога Яна Хрысціцеля, паказаў яго вернасць Богу ў выкананні сваёй місіі. Іерарх заахвоціў тых, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, да выканання Божых запаведзяў у сваім жыцці.
З нагоды гадавіны біскупскага пасвячэння, якую іерарх адзначае 27 чэрвеня, ганаровы госць вішнеўскай парафіі атрымаў у падарунак ад пробашча ксяндза Антона Казлоўскага паменшаную фотакопію на льняным палатне абраза святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам на руках. Гэты абраз пэндзля Яна Кшыштафа Дамеля знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла ў Вішневе.
(AG)