Пошук

21.06.2016 12:25  

20 чэрвеня ў Гродне распачалася VIII Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Малітоўна-спартыўная сустрэча праходзіць пад дэвізам «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны».

Традыцыйна парафіяда гуртуецца вакол трох вельмі важных для яе месцаў. Першае — гэта святыня, другое — тэатр, трэцяе — стадыён.

У сёлетняй Парафіядзе дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі прымае ўдзел 493 ўдзельніка з 36 парафій Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама 20 валанцёраў і 10 членаў арганізацыйнага камітэту.


Час на хвалу Богу

Распачалася Парафіяда святой Імшой, якая адбылася ў гадзіну Міласэрнасці ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ўзначаліў ардынарый Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх зазначыў, што Парафіяда ўжо добра пусціла свае карані ў Гродзенскай дыяцэзіі і штогод карыстаецца вялікай папулярнасцю.
Біскуп падзякаваў усім арганізатарам за ўкладзеную працу ў арганізацыю Парафіяды, а ўсім удзельнікам пажадаў «пагоды духа», каб гэты час быў выкарыстаны з карысцю і на хвалу Пану Богу.

Гамілію падчас св. Імшы прамовіў кс. Юрый Марціновіч. У ёй святар закрануў зварот да тэмы Парафіяды: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны». Святар заахвоціў усіх удзельнікаў Парафіяды адкрыцца да штодзённай практыкі ўчынкаў міласэрнасці і быць адкрытым да бліжняга.


Наследаваць дабрыню Бога

Ксёндз Юрый Марціновіч зазначыў, што трэба не толькі прасіць аб Божай міласэрнасці, але таксама даваць міласэрнасць іншым, «наследуючы ў гэтым дабрыню Бога».

«У нас павінна быць пастаянная свядомасць таго, што ў нашай штодзённасці мы павінны дапамагаць патрабуючым, каб гэтым адудзячыць за дабро, атрыманае ад Бога», — дадаў святар.

Падчас літургіі спецыяльныя ўзнагароды атрымалі шматгадовыя спонсары і госці Парафіяды, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы якіх з’яўляецца магчымасць яе правядзення.


Адказваць на высакародныя імкненні

Напрыканцы св. Імшы адбылося ўрачыстае адкрыццё Парафіяды яе дырэктарам кс. Артурам Малафеем.

Святар зачытаў таксама прывітальнае слова ад а. Тамаша Олчака SP, старшыні Таварыства «Парафіяда iмя св. Юзафа» з Варшавы, які зазначыў, што вельмі ўражаны хуткаму развіццю Парафіяды на Гродзеншчыне.

«На сёння правільныя прапановы маладым людзям, дзякуючы якім яны могуць усебакова развівацца і  фарміравацца як асобы свабодныя і паўнацэнныя, — гэта вельмі вялікая справа. Ад усёй душы запрашаю Вас развіваць з уласцівай Вам адказнасцю ўсе самыя добрыя рысы ў дзяцей і моладзі на гэтым асаблівым этапе іх жыцця, — адзначыў у лісце а. Тамаш Олчак SP. — Адказвайце на іх высакародныя імкненні, на іх мары адносна будучыні, на іх гарачае жаданне шчасця і справядлівасці, на іх прагненне Бога і на іх здольнасць любіць і аддаваць сябе іншым».

Пасля cв. Імшы ўсіх чакала вячэра. Пазней распачаліся спаборніцтвы ў трох дысцыплінах: конкурс малюнка, тэатральны конкурс, а таксама кваліфікацыя ў шашках. Завяршыўся першы дзень Парафіяды супольнай малітвай.

Ганна Глябовіч, (IL)
фота Баляслава Гавецкага і Максіма Хаванскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа