Пошук

14.06.2016 00:00  

12 чэрвеня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB удзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымалі 129 чалавек.

Канфірмацыя з’яўляецца сакрамэнтам, у якім Святы Дух удзяляецца ахрышчанаму чалавеку як дар, які дазваляе больш дасканала яднацца з Касцёлам, умацоўвае і абавязвае да таго, каб чалавек, які прымае сакрамэнт, словам і ўчынкам быў сведкам Хрыста, пашыраючы веру і баронячы яе.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі падкрэсліў, што ў сучасным свеце вельмі важна быць рыцарам Езуса, які без страху вызнае сябе веруючым і гатовы аддаць за Яго жыццё. Таксама іерарх падрабязна растлумачыў гісторыю станаўлення сакрамэнту.


Параўноваючы сакрамэнты канфірмацыі і хросту, біскуп адзначыў, што святы Касцёл у сваёй мудрасці раздзяліў іх для таго, каб вернікі маглі стала і самастойна прасіць аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі. Іерарх растлумачыў, што ў гэтым сакрамэнце Езус Хрыстус намашчвае вернікаў Духам Святым, Духам праўды і любові, Духам мужнасці, Духам адказнасці за Касцёл і за прысутнасць Хрыста ў свеце.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі заклікаў прысутных быць адважнымі сведкамі сваёй веры, несці яе з радасцю і адказна перадаваць іншым. Таксама іерарх адзначыў, што, прымаючы дар Святога Духа, кожны чалавек атрымлівае таксама канкрэтнае заданне і абавязак служыць і абараняць Касцёл.


Напрыканцы святой Імшы вернікі выказалі словы падзякі біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за ўдзелены сакрамэнт, супольна перажытую Эўхарыстыю, малітву і словы, якія іерарх скіраваў да іх. Таксама парафіяне выказалі шчырую ўдзячнасць пробашчу кс. Алегу Жураўскаму SDB, кс. Аляксандру Пятровічу і с. Ірыны Барцэвіч FMA, якія ахвярна рыхтавалі іх да сакрамэнту канфірмацыі, духоўна суправаджалі і падтрымлівалі.

Наталля Субко, Вераніка Рогач, sdb.by (АлГ)

Фота sdb.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа