Пошук

12.06.2016 00:00  

12 чэрвеня ў парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах адбылася адпустовая ўрачыстасць св. Антонія. Таксама падчас святочнай Імшы вернікі дзякавалі Богу за 75 гадоў жыцця і 50-годдзе манаства свайго былога пробашча кс. Юзафа Занеўскага SDB.

Святога Антонія Падуанскага кожны год асаблівым чынам ушаноўваюць у жупранскім касцёле. Парафіяльны фэст сабраў вялікую колькасць вернікаў з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а юбілей кс. Юзафа Занеўскага, першага пробашча парафіі ў яе пасляваеннай гісторыі, стаў адметнасцю сёлетняй урачыстасці.

Узначаліў Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў гэтым годзе адзначае 35-гадовы юбілей святарства. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі ксяндзы прэлаты Андрэй і Юрый Стэцкевічы — браты, якія сёлета таксама святкуюць 35-годдзе свайго святарства, Рэгіянальны настаяцель «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дэкан Смаргонскага дэканату кс. Леанард Станкоўскі, пробашч парафіі ў Жупранах кс. Казімір Мурава, пробашч парафіі ў Барунах кс. Люцыян Дамброўскі, пробашч парафіі ў Бараўлянах кс. Казімір Шыдэлка SDB.

Жупранскія парафіяне аднесліся да свайго першага пробашча з вялікай павагай і любоўю, падрыхтаваўшы для яго сардэчны прыём і ўрачыстае ўвядзенне ў працэсіі ў парафіяльную святыню.



У гамiліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў святога Антонія ўмелым прапаведнікам, словы якога навярталі нават самых вялікіх грэшнікаў. Іерарх таксама нагадаў, што св. Антоній з'яўляецца апекуном у пошуку згубленых рэчаў — у гэтых выпадках вернікі звяртаюцца па дапамогу да гэтага святога.

«Праблема сучаснага свету — тое, што чалавек згубіў веру, і яму неабходна дапамагчы яе знайсці, — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэта галоўнае заданне Касцёла, а ў ім — у першую чаргу святара». Такім святаром, па словах іерарха, з'яўляецца юбіляр — ксёндз Юзаф Занеўскі. «Менавіта яго, як адпаведнага чалавека, Бог паклікаў у адпаведны час, каб ён дапамог людзям рабіць гэта тут, у Беларусі, і ў Маскве», — сказаў арцыпастыр.

Мітрапаліт дадаў, што ксёндз Юзаф, жывучы паводле салезіянскай максімы, выказанай св. Янам Боско: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце», да канца прысвяціў сваё жыццё ратаванню чалавечых душаў. Ён, па словах іерарха, рабіў гэта і працягвае рабіць праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, арганізацыю разнастайнай пастырскай дзейнасці, апеку над моладдзю, асабліва той, якая згубілася ў жыцці, і праз дабрачыннасць.



«Божы Провід так учыніў, што менавіта Жупраны сталі калыскай адраджэння салезіян у Беларусі, — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, — і гэтае адраджэнне самым цесным чынам звязана з іменем кс. Юзафа Занеўскага, як першага салезіяніна ў нашай Бацькаўшчыне». Таму, па словах арцыпастыра, можна сказаць, што Жупраны сталі своеасаблівым «салезіянскім Бэтлеемам» Беларусі.

Мітрапаліт пажадаў кс. Юзафу Занеўскаму заставацца і далей верным салезіянскай харызме і паводле прыкладу св. Антонія працягваць з моцай абвяшчаць Божае слова, «каб чалавек XXI стагоддзя, які згубіў веру, знайшоў яе і, жывучы ёю, ішоў дарогай збаўлення».



Напрыканцы святой Імшы пробашч парафіі кс. Казімір Мурава разам з парафіянамі, дзецьмі і моладдзю склалі шчырыя віншаванні свайму любаму пробашчу, якога яны добра памятаюць і заўсёды чакаюць ў Беларусі. Таксама віншаванні кс. Юзафу Занеўскаму выказалі яго духоўныя дзеці: кс. дэкан Леанард Станкоўскі, настаяцельніца супольнасці сясцёр назарэтанак у Навагрудку с. Лаўра Шукеловіч і Рэгіянальны настаяцель «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч, — падзякаваўшы за яго плённы духоўны ўдзел у іх жыцці і разам з усімі парафіянамі заспяваўшы для яго «plurimos annos».

Юбіляр у адказ скіраваў да прысутных словы, прасякнутыя падзякай усім вернікам за малітоўную падтрымку на працягу 25 гадоў яго служэння на хвалу Божую ў Расіі.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця