Пошук

12.06.2016 00:00  

11 чэрвеня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыліся ўрачыстасці з нагоды 75-годдзя нараджэння і 50-годдзя манаскага жыцця кс. Юзафа Занеўскага — першага салезіяніна ў сучаснай гісторыі Касцёла ў Беларусі. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ксёндз Юзаф Занеўскі быў першым салезіянінам, які прыехаў у Беларусь, каб аднаўляць веру і несці Божае слова ў краіну, змучаную атэізмам савецкіх часоў. Зараз святар працуе ў Маскве, дзе з’яўляецца пробашчам парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Павіншаваць ксяндза Юзафа прыехала шмат святароў не толькі з Беларусі, але і з Расіі. На ўрачыстасцях сабралася салезіянская сям’я Беларусі.

Разам з ксяндзом Юзафам свае юбілеі адзначалі і іншыя святары, якія ў гэты дзень канцэлебравалі з Мітрапалітам святую Імшу і пакліканні многіх з якіх паўсталі дзякуючы служэнню ксяндза Юзафа Занеўскага. 10 гадоў святарства адзначаў Рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які паходзіць з жупранскай парафіі, у якой працаваў ксёндз Юзаф. Ксёндз Казімір Шыдэлка SDB адзначаў 30 гадоў святарства, ксёндз Алег Жураўскі SDB — 20 гадоў святарства, ксёндз Здзіслаў Пікула SDB — сваё 65-годдзе, ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB — 10 гадоў святарства, ксёндз Іван Огар SDB — 10 гадоў манаскага жыцця, ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB — 5 гадоў святарства. Таксама год свайго біскупства адзначаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Да шэрагу юбіляраў далучыўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначае 35-годдзе святарства. На свяце сустрэліся і ксяндзы прэлаты Андрэй Стэцкевіч і Юрый Стэцкевіч, пробашч парафіі Св. Адальберта ў Калінінградзе, — браты, якія таксама адзначаюць 35-годдзе святарства.



У гаміліі, кажучы пра ўспамін апостала і мучаніка св. Барнабы, вучня апостала Паўла, з якім той евангелізаваў між іншым язычніцкую Антыёхію, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што такім сучасным Барнабам можна назваць кс. Юзафа Занеўскага. Нарадзіўшыся на Гродзеншчыне ў Заневічах, ён, па словах Мітрапаліта, рана пачуў голас паклікання да святарства і манаскага жыцця ў харызме св. Яна Боско. У тыя часы было вельмі цяжка ажыццявіць гэтую мару, таму ён быў вымушаны выехаць у Польшчу, каб там атрымаць святарскую і манаскую фармацыю. Аднак на радзіме тагачасныя ўлады не чакалі яго ў якасці святара і найлепей не хацелі б зусім бачыць, узгадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У выніку кс. Юзаф Занеўскі не атрымаў дазволу на выконванне сваіх святарскіх абавязкаў і вымушаны быў працаваць рабочым на гродзенскім піўзаводзе. Патаемна ён выконваў свае святарскія функцыі, найчасцей у бернардынскім касцёле ў Гродне.

З пачаткам «перабудовы», нагадаў Мітрапаліт, пачаліся пазітыўныя змены ў адносінах да Касцёла. Ксёндз Юзаф Занеўскі атрымаў дазвол працаваць афіцыйна. Галоўным месцам яго служэння стала парафія ў Жупранах, абслугоўваў ён і многія іншыя парафіі. Калі прыйшоў 1989 г. і быў прызначаны біскуп, то кс. Юзаф сказаў, што салезіяне гатовы абслугоўваць дзесяць і нават больш парафій. Гэта, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, быў проста дар неба. Дзякуючы старанням кс. Юзафа Занеўскага былі вернуты многія касцёлы, між іншым касцёл у Смаргоні, дадаў Мітрапаліт.

Калі ў 1991 годзе св. Ян Павел ІІ устанавіў касцёльную іерархію ў Расіі, кс. Юзаф атрымаў прапанову паехаць у Маскву і ўзначаліць катэдральную парафію, якая не мела касцёла. У Маскве, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выявіліся вялікія як арганізацыйныя, так і дыпламатычныя здольнасці кс. Юзафа, дзякуючы чаму катэдра Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была перададзена вернікам.

З характэрнай для яго энергіяй кс. Юзаф арганізаваў пастырскую і дабрачынную дзейнасць у Маскве, нагадаў Мітрапаліт. Маскоўская катэдра, па словах арцыпастыра, стала месцам не толькі рэгулярных набажэнстваў на многіх мовах, але і выдатна арганізаванай катэхізацыі, евангелізацыі, прысутнасці розных малітоўных груп, сямейнай кансультацыі і г.д. Пры катэдры быў адкрыты салезіянскі араторый. У спецыяльным доме быў таксама арганізаваны прытулак для дзяцей вуліцы.

Мітрапаліт адзначыў мужнасць кс. Юзафа Занеўскага і вялікі давер Богу. Іерарх падкрэсліў, што ў жыцці і служэнні гэтага святара сапраўды ажыццявіўся дэвіз св. Яна Боско: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце».



Арцыпастыр павіншаваў кс. Юзафа і іншых прысутных салезіян з іх юбілеямі і пажадаў Божай дапамогі ў далейшым паспяховым здзяйсненні іх служэння Касцёлу.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў прыпавесць пра тое, як пасля Унебаўшэсця анёлы спыталіся ў Езуса, які план Ён мае адносна свайго Касцёла, які заснаваў на зямлі. Езус адказаў, што пакінуў на зямлі сваіх паслядоўнікаў, апосталаў, каб яны клапаціліся аб Яго спадчыне, і іншага і лепшага плану не будзе. Праз гэтую прыпавесць біскуп падкрэсліў вартасць святарскага паклікання і асаблівым чынам аддзячыў Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу і ксяндзу Юзафу Занеўскаму SDB за іх служэнне.

У сваю чаргу Мітрапаліт падкрэсліў сваю вялікую любоў да ксяндза Юзафа Занеўскага, прыгадаўшы, як шмат яны працавалі разам і ў Беларусі, і ў Расіі, а таксама адданасць гэтага святара і яго гатоўнасць да нялёгкай працы адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцяў. Таксама арцыбіскуп узгадаў сваю першую святую Імшу ў Смаргоні, на якой ён удзяліў сакрамэнт канфірмацыі Аляксандру Яшэўскаму, свайму сённяшняму паплечніку і сабрату ў біскупстве.

catholic.by (DN, AG), sdb.by

Фота sdb.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця