Пошук

08.06.2016 12:47  

Кармэліт а. Аляксандр Стока, які 4 чэрвеня прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Мінску, узначаліў прыміцыйную Імшу ў роднай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (аўгустовак) у Гродне.

На Імшы прысутнічалі родныя і блізкія новапрэзбітэра, а таксама правінцыял Варшаўскай правінцыі кармэлітаў босых а. Ян Маліцкі OCD і правінцыяльны сакратар а. Гжэгаж Малец OCD.

З гаміліяй да прысутных падчас прыміцыйнай Імшы а. Аляксандра звярнуўся а. Пётр Фраштэнга OCD. Святар прыгадаў гісторыю паклікання Езусам апосталаў, якія былі рыбакамі, адзначыўшы, што Хрыстус убачыў іх чалавечыя якасці, так неабходныя Яму ў апосталах для абвяшчэння Евангелля.

«Езус выбраў цябе, нягледзячы на твае слабасці і абмежаванні. Выбраў цябе, бо, відавочна, заўважыў у табе пэўныя якасці думкі, волі і сэрца, якімі хацеў, каб ты дапамагаў Яму закідваць сеткі і здабываць людзей для Яго справы, для Яго Евангелля», — у метафарычнай форме звярнуўся святар да новапрэзбітэра.

Як адзначыў кармэліт, «сведчанне, якое будзеш даваць Божаму народу, залежыць ад тваёй асабістай сувязі з Эўхарыстыяй»:

«Няхай дзякуючы тваёй працы ўзрастае любоў да Хрыста. Вобраз вячэрнка, а ў ім і Хрыста, які спажывае Апошнюю вячэру ў атачэнні вучняў, няхай напаўняе пачуццём братэрства і супольнасці».

Прыгадваючы словы на прыміцыйным абразе новапрэзбітэра («Пане, Ты ведаў мяне, аднак выбраў. Прымі такім, якім я ёсць, і зрабі такім, якім прагнеш, каб быў»), а. Пётр звярнуўся да а. Аляксандра з наступнымі словамі: «Ідзі, спаўняючы Божую волю. Ганарыся гэтым словам, дадзеным Хрысту, але найперш будзь Яму верным ажно да канца. Заставайся пры алтары, ажно пакуль не надыдзе вечар».

Завяршылася святая Імша благаслаўленнем, якое ўдзяліў новапрэзбітэр праз ускладанне рук на галовы вернікаў.

(IL), фота з асабістага архіва а. Аляксандра Стокі OCD

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця