5 чэрвеня ў лідскім фарным касцёле адбылася прыміцыйная святая Імша новапрэзбітэра Паўла Федаровіча MIC.
Прэзбітэрскае пасвячэнне марыяніна прайшло 28 мая ў мінскім архікатэдральным касцёле. Айца Паўла Федаровіча можна смела назваць добрым плёнам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
Ва ўрачыстай працэсіі новапрэзбітэр прайшоў ад плябаніі да касцёла, дзе яго прывітаў пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. «Сёння асаблівы момант для нашай супольнасці і гасцей, сёння айцец Павел цэлебруе сваю прыміцыйную святую Імшу, — сказаў у прывітальнай прамове пробашч. — Сённяшні свет моцна патрабуе такіх святароў, як Павел, святароў міласэрных, адданых, святароў па прыкладзе Езуса Хрыста!»
Айцец Аляксандр Шамрыцкі МІС, першы пробашч новапасвячанага айца Паўла, звяртаючыся да яго, сказаў: «Хачу пажадаць табе, каб ты зрабіў у Касцёле кар'еру, але не ў сэнсе тытулаў і пасад, але кар'еру добрага пастыра. Каб людзі звярталіся да цябе за дапамогай і каб ты мог ім дапамагчы!»
Падчас Імшы айцец Павел Федаровіч маліўся за сваіх памерлых бацькоў Станіслава і Ірыну, удзячны ім за дар жыцця і выхавання, а таксама за ўсіх, каго спаткаў на сваім шляху да святарства.
Томаш Мікалайчык
Фота Эрнэста Мікалайчыка