Пошук

23.05.2017 08:24  

Беларусь і Апостальская Сталіца будуць працягваць супрацоўнічаць у сферы культуры. 22 мая беларуская дэлегацыя ўручыла ўзнагароды і ганаровыя граматы кіраўніцтву і супрацоўнікам Ватыканскіх музеяў у якасці падзякі за арганізацыю і правядзенне мінулагодняй выставы «Іканапіс Беларусі XVII-XХІ cтагоддзяў».

Выстава адкрыла шлях для далейшых праектаў супрацоўніцтва паміж Ватыканам і Беларуссю ў галіне культуры, падзяліўся генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.

«Мы дамовіліся, што ў наступным годзе нашы італьянскія калегі прымуць удзел у выставе сучасных іканапісцаў, на якой будуць прадстаўлены больш дзесяці еўрапейскіх краін. Таксама мы правялі перамовы наконт таго, каб у 2019 г., калі не раней, правесці выставу абразоў з калекцыі Ватыканскіх музеяў у нашым музеі, у межах святкавання яго 80-годдзя. ...Нашы рэстаўратары будуць штогадова праходзіць практыку ў майстэрнях Ватыканскіх музеяў, і самае галоўнае: мы дамовіліся аб нашых далейшых кантактах, у тым ліку са спадарыняй Барбарай Ятай, наконт таго, што яна будзе спрыяць беларускім навукоўцам у пошуку магчымых дакументаў, звязаных з імем Францішка Скарыны, якія могуць захоўвацца ў Ватыканскіх музеях», — сказаў беларускі мастацтвазнаўца.

Дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята распавяла, што знаёмая са славянскімі іконамі з самага дзяцінства. Яе маці мае рускія карані. Яна займаецца іканапісам і таму была запрошана выставіць свае творы ў Мінску. На думку спадарыні Яты, супрацоўніцтва ў сферы мастацтва чарговы раз дэманструе, наколькі блізкай з’яўляецца культура еўрапейскіх краін.

Развіццё супрацоўніцтва ў сферы культуры мае велізарнае значэнне для іміджу Беларусі ў свеце, перакананы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Сяргей Алейнік. «Безумоўна, гэта выстава мела велізарнае значэнне з пункту гледжання прэзентацыі культурнай спадчыны нашай дзяржавы ў Ватыканскіх музеях. Яна была важнай таксама з пункту гледжання ўмацавання нашых двухбаковых адносін у сферы культуры. Сёння мы плануем працягнуць наш дыялог з кіраўніцтвам Ватыканскіх музеяў, абмеркаваць магчымыя новыя напрамкі нашага супрацоўніцтва», — прызнаўся ён.

На беларускай выставе ў Ватыкане былі прадстаўлены абразы розных хрысціянскіх канфесій. Гэта цудоўным чынам дазволіла прадэманстраваць душу беларускага народа, заўважыў настаяцель Усіхсвяцкай царквы ў Мінску, протаіерэй Фёдар Поўны, які таксама прысутнічаў на ўрачыстым мерапрыемстве ў Ватыканскіх музеях.

«Сёння мы можам адчуць і асэнсаваць увесь “смак” гэтай падзеі, таму што гэта сапраўды была падзея. Не магу сказаць, што яна была падзеяй сусветнага маштабу, але ў маштабах нашай Рэспублікі, нашай дзяржавы, і ў маштабах Ватыканскіх музеяў, такое адбылося ўпершыню. Тое, што мы здолелі паказаць свету нашу душу, душу беларускага народа – гэта факт», — падкрэсліў праваслаўны святар.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 18.08.2017 15:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця