Пошук

10.04.2017 00:00  

8 красавіка сотні маладых людзей і іншыя вернікі Гродна прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вуліцамі горада. Шэсце за крыжам — успамін таямніцы мукі і смерці Хрыста — праходзіла ў горадзе напярэдадні Пальмовай нядзелі. 

Перад распачаццем урачыстай працэсіі ўдзельнікі набажэнства сабраліся на Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Падчас казання іерарх заахвоціў прысутных да штодзённага сведчання веры праз словы і ўчынкі. Біскуп Юзаф засяродзіў увагу вернікаў на неабходнасці пакаяння і навяртання.

«Пойдзем за крыжам і пакажам нашаму гораду, што прыйшоў час пакаяцца і знайсці шлях да Бога. Пакажам жыхарам нашага горада, што трэба вярнуцца да Пана, заўсёды ласкавага і міласэрнага», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў маладое пакаленне быць указальнікам для іх равеснікаў у сучасным свеце. «Пакажыце, што варта пражываць сваё жыццё з Хрыстом і будаваць на ім сваю будучыню. Езус — гэта наш шлях, які вядзе да збаўлення», — дадаў біскуп.

Пасля святой Імшы распачаўся Крыжовы шлях, які праходзіў ад катэдральнага касцёла праз Савецкую плошчу. Завяршылася набажэнства на бернардынскім узгорку, у касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Падчас набажэнства да крыжа падыходзілі прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах горада.

Сёлетнія разважанні падчас Крыжовага шляху былі прысвечаны тэме прабачэння. Па традыцыі іх падрыхтавалі маладыя вернікі з Душпастырства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна Open пад кіраўніцтвам свайго душпастыра кс. Антонія Грэмзы.

Паводле grodnensis.by
Фота «Вечерний Гродно»
(VGr)

Абноўлена 01.11.2017 11:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.