Новае жыццё ў Хрысце, Божая Міласэрнасць, сыноўства і любоў да
бліжняга — такімі былі галоўныя тэмы велікапосных рэкалекцый у
Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў
Пінску.
Правёў духоўныя практыкаванні для навучэнцаў установы кс. Алег Грыгаровіч SAC са Жлобіна. Некалькі дзён, з 13 па 16 сакавіка, святар прамаўляў казанні і даклады ў семінарыйнай капліцы, дзяліўся ўласным досведам і сведчаннямі, маліўся і цэлебраваў святыя Імшы.
Святар закрануў шмат важных пытанняў: як будучаму святару прайсці шлях да сапраўднага айцоўства, з чаго пачаць новаё жыццё ў Езусе, калі Бог выходзіць насустрач чалавеку з міласэрнасцю?..
Рэкалекцыяніст, між іншым, падкрэсліў, што любоў да бліжняга пачынаецца з асабістай перамены: калі чалавек прымае міласэрнасць Бога, яму лёгка дзяліцца ёю з іншымі.
Усе дні рэкалекцый у семінарыі панавала святое маўчанне, якое спрыяла лепшаму засяроджанню на малітве. Цішыня дапамагала таксама ўбачыць унутраныя перажыванні. Рэкалекцыі ж заўсёды з’яўляюцца магчымасцю пачаць альбо працягнуць духоўную працу над сабою, паглыбіць адносіны з Богам.
Арцём Кір’янаў (VGr)
Фота аўтара