Пошук

17.02.2017 11:07   Ілья Лапато / Catholic.by

За апошнія дні ўраджэнец Мядзеля Аляксей Жолнер на сабе адчуў, што такое папулярнасць у інтэрнэце. Дзясяткі паведамленняў у сацыяльных сетках з просьбамі аб інтэрв’ю ці каментарыі — усе цікавяцца арганам, які мужчына змайстраваў ...з паперы.

За пяць дзён ролік, выкладзены мужчынам на сваім youtube-канале,  паглядзела 217 тысяч карыстальнікаў. І гэта не рэкорд: тры гады таму відэа Аляксея пра папяровы рухавік набрала больш за 3 мільёны (!) праглядаў.

Catholic.by адшукаў таленавітага майстра і распытаў яго пра незвычайнае хобі.

«Я не вынаходнік, я проста цікаўлюся мадэляваннем»

Мадэляваннем Аляксей захапіўся яшчэ ў школьныя гады. Дзякуючы часопісу «Юны тэхнік» і дадатку да яго хлопчык майстраваў свае першыя простыя мадэлі. Наўрад ці ён здагадваўся, што гэта захапленне пяройдзе з ім і ў дарослае жыццё.


 
Сёння ён з умешкай дадае, што, магчыма, гэта спадчыннасць: яго дзядуля не толькі майстраваў мэблю, але і мог пабудаваць дом, а таксама ўмеў на слых падабраць мелодыю на скрыпцы, на якой навучыўся іграць у адзіночку; бабуля навучыла першым крокам у мадэляванні з паперы і саломкі, а дзякуючы маці, якая працавала ў бібліятэцы, пад рукой заўсёды было дастаткова тэхнічнай літаратуры.

Аляксей таксама калісьці займаўся музыкай, іграючы на акардыёне ў Мядзельскай музычнай школе.

«Памятаю, як аднойчы мы адмыслова ездзілі ў Нарачанскі касцёл, каб паглядзець, як выглядае арган, з чаго складаецца і г.д.», — прыгадвае мужчына.

Гэтых ведаў, аднак, было недастаткова, калі ў студзені 2017 года ён вырашыў майстраваць арган з паперы.

«Давялося пачытаць спецыялізаваныя сайты і вывучыць “начынне” аргана. Напрыклад, язычковыя трубы аргана — вельмі складаныя ў мадэляванні, нават не ведаю, ці рэальна іх перадаць паперай, — прыгадвае Аляксей. — А вялікія арганныя трубы працуюць як вялікі свісток — з імі прасцей. Дастаткова высветліць частату, а пасля разлічыць, якой даўжыні і дыяметру будуць трубы».

Таксама па тэме:

Арган з паперы не адзінае «вынаходніцтва» інжынера Аляксея Жолнера. На сваім youtube-канале мужчына ўжо шэсць гадоў выкладае відэасправаздачы зробленых ім мадэляў. Cярод найбольш цікавых — мініяцюрная мадэль 8-цыліндравага рухавіка з паперы, а таксама мадэль рэактыўнай сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град», якая «страляе» папяровымі  ракетамі.

Мужчына прызнаецца, што слова вынаходнік у дачыненні да яго не зусім правільнае слова, бо ніякага вынаходніцтва па сутнасці няма:

«Гэта ўсё журналісцкія трукі, — усміхаецца 31-гадовы Аляксей. — Я не вынаходнік, я проста цікаўлюся мадэляваннем. Каб зрабіць арган, я проста аб’яднаў разам тыя ідэі, якія былі».

«Яшчэ са школы я хацеў стварыць працоўны рухавік»

Мужчына дадае, што самае важнае ў мадэляванні — ідэя. Асноўны ж час, як адзначае Аляксей, ідзе на планаванне — як увасобіць ідэю ў жыццё.

Ідэя зрабіць арган з паперы, як прыгадвае Аляксей, прыйшла выпадкова — спачатку мужчына разважаў над прапановай жонкі змайстраваць папяровую музычную шкатулку.
«Галоўнае — зразумець, як дзейнічае ўнутраная механіка, — дадае Аляксей. — Яшчэ са школы я хацеў змайстраваць з паперы працоўны рухавік. Некалькі разоў спрабаваў, але толькі ў 2010-м гэта атрымалася. Пазней некалькі разоў перарабляў — сёння такіх рухавікоў некалькі».


У сваёй працы мужчына выкарыстоўвае паперу і кардон (апошні — для эканоміі часу). Свае напрацоўкі Аляксей публікуе на сайце only-paper.ru, дзе, абменьваючыся вопытам, збіраюцца аматары мадэлявання.

«Гісторыя з папулярнасцю майго відэа здарылася раптоўна, — прызнаецца напрыканцы Аляксей. — Выкладваў толькі для дэманстрацыі такім жа аматарам, як і я. Але раптоўна за адну ноч відэа набірала вялікую колькасць праглядаў».

«Гэта проста хобі, — заключае мужчына. — Калі натхненне прыйдзе, тады і працую».

Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.