Біскуп Антоні Дзям’янка, старшыня біскупскай камісіі па справах Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 21 студзеня наведаў са спецыяльным калядным візітам навучэнцаў і фарматараў гэтай духоўнай установы.
Ужо стала добрай традыцыяй, што ў студзеньскі калядны час, калі святары наведваюць з пастырскім візітам і благаславеннем сем’і сваіх парафіянаў, біскуп Пінскі наведвае з падобным візітам семінарыстаў. Пасля супольнай малітвы ў капліцы Духоўнай семінарыі, біскуп разам са святарамі і семінарыстамі прайшоў усе памяшканні ўстановы, каб акрапіць асвячанай вадой месцы малітвы, працы і пражывання.
Памяткай каляднага візіту і благаслаўлення біскупа застаўся, згодна са звычаем, надпіс на дзвярах семінарыйных памяшканняў С+М+В 2017 (Christus mansionem benedicat – Хрыстус благаслаўляе дом).