Пошук

02.11.2023 20:52   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў літургію ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

Напачатку свайго казання біскуп Аляксандр растлумачыў прысутным некаторыя дзянні святара падчас святой імшы. А менавіта, чаму святар ламае вялікую Гостыю на 3 часткі, адну з якіх кладзе ў келіх:

“Паколькі Гостыя — гэта Цела Хрыста, адна з частак уяўляе сабой Касцёл на зямлі, другая — Касцёл у чыстцы, а трэцяя  частка, якая апускаецца ў келіх, уяўляе сабою праслаўлены Касцёл у нябёсах. Усё Містычнае Цела Хрыста, Касцёл, складаецца з Касцёла Ваяўнічага, Касцёла Пакутуючага і Касцёла Трыумфуючага”.

Пакуль мы на зямлі працягваем бітву ў духоўным жыцці, святыя ўжо атрымалі перамогу і цяпер радуюцца ў небе, разважае іерарх. На думку святара, калі мы адчуваем спакусу страху ў барацьбе за свае душы, мы павінны глядзець на гераічныя прыклады тых, хто ўпарта змагаўся, каб быць дабрадзейным у гэтым жыцці і знайсці славу ў наступным:

“Ёсць святыя, якія памерлі, каб абараніць сваю чысціню, напрыклад, святая Марыя Гарэці або святая Агата, і ёсць святыя, якія пакаяліся і перамаглі сваю нячыстасць. Ёсць святыя, якія мелі бліскучы розум і выкарыстоўвалі яго для абвяшчэння Евангелля; а ёсць святыя, якія нават чытаць не ўмелі”.

Біскуп Яшэўскі звярнуў увагу прысутных на тое, што на працягу многіх дзён літургічнага года мы амаль кожны дзень успамінаем на Святой Імшы аднаго са святых:

“Дзень святых звычайна супадае з іх смерцю, таму што для нас важна не тое, ці мы ўпалі, ці здзейснілі грахі, а калі мы пакаяліся і звярнулі сваё жыццё да Езуса Хрыста. Аднак свята Найсвяцейшай Дзевы мы адзначаем у дзень яе нараджэння; таму што Марыя нарадзілася святой, яна нарадзілася «поўнай ласкі»”.

Напрыканцы сваёй гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў прысутным вернікам, каб Пан дапамог стаць святымі, і быць імі кожны дзень да апошняга ўздыху на гэтай зямлі.

Абноўлена 03.11.2023 10:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа