У ім Папа Рымскі падводзіць вынікі Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці, які працягваўся ў Каталіцкім Касцёле ў перыяд з 8 снежня 2015 па 20 лістапада 2016 года.
Дакумент, перакладзены на беларускую мову, быў прэзентаваны на прэс-канферэнцыі Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам напрыканцы 2016 года.
У Апостальскім лісце Пантыфік падкрэслівае важнасць міласэрнасці ў сакрамэнтальным жыцці і важнасць слухання Божага слова, заахвочвае святароў з вялікай стараннасцю рыхтавацца да паслугі споведзі, а таксама выказвае падзяку місіянерам міласэрнасці за іх каштоўную паслугу.
«Мы перажылі інтэнсіўны Год, падчас якога былі шчодра адораныя ласкай міласэрнасці. Дабрыня і міласэрнасць Пана разліліся па ўсім свеце як імклівы і дабратворны вецер. Жыць міласэрнасцю — гэта найлепшы шлях. Такое жыццё становіцца праўдзівым абвяшчэннем суцяшэння і навяртання ў пастырстве», — падкрэслівае Святы Айцец.
Пераклад быў выкананы секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а выданне здзейснена пры падтрымцы Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі.