Пошук

11.01.2017 00:00  

7 студзеня, нягледзячы на моцныя маразы, на аплаткавую сустрэчу ў Баранавічы прыехалі 40 сем’яў з розных куткоў Беларусі — удзельнікаў душпастырства Equipes Notre-Dame.

Традыцыйна сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой кожная сем’я ў цішыні магла прысвяціць сваё жыццё Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, а таксама папрасіць Святога Духа аб асаблівым кіраўніцтве.


Святую Імшу ў гэты дзень узначаліў адказны за сямейнае душпастырства кс. Андрэй Сіповіч, які ў сваёй гаміліі акцэнтаваў увагу сем’яў на тым, што хрысціяне павінны не толькі захоўваць радасць жыцця з Богам у сваіх дамах, але і несці яе ў сваё асяроддзе.


Пасля святой Імшы адбылося дзяленне аплаткай. Таксама ў гэтым годзе было вырашана ўвесці новую традыцыю — малітву адно за аднаго на працягу ўсяго года. Задачай сем’яў падчас абмену віншаваннямі было знайсці сям’ю, прозвішча якой указвалася на картцы і запытацца, у якой інтэнцыі ім патрэбна малітва.

Першая частка святочнай праграмы стала сапраўднай творчай майстэрняй з такімі курсамі, як «Міміка», «Харэаграфія» і «Вакал». Цікава, што добрыя адзнакі на майстэрні атрымалі не толькі сужанствы, але і духоўныя  дарадчыкі душпастырства, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў працэсе.


Другая частка свята складалася з творчых нумароў, якія суполкі прывезлі на «Фабрыку Зорак END». Распачалася конкурсная праграма незвычайнай батлейкай, якую падрыхтавалі сем’і з Мінска. Добры настрой падтрымаў творчы дуэт з Нясвіжа і казачныя пытанні ад суполкі з Баранавіч. Сур’ёзную пастаноўку-разважанне «Што было б, калі б Езус не нарадзіўся» падрыхтавалі сем’і з Негарэлага. Тэатральную пастаноўку «Вечары  бліз Мышанкі» прадставілі на конкурсе сем’і з Новай Мышы. А вось сем’і з Ганцавіч зладзілі на сцэне незвычайнае інтэлектуальнае спаборніцтва паміж жанчынамі і мужчынамі, у выніку якога лік зраўняла менавіта Божая любоў.

Кожная суполка, якая прыняла ўдзел у конкурсе, атрымала «зорку» ў сваёй намінацыі, але ў выніку агульнага галасавання галоўны прыз «Фабрыкі зорак END» атрымалі сем’і з в. Новая Мыш.

Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі душпастырства атрымалі прапанову стаць удзельнікамі сямейнага турзлёту Equipes Notre-Dame, які плануецца правесці  ў чэрвені 2017 года.


Максім і Аліна Угорыч, фота Генадзя і Марыны Хіневіч

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.