5 снежня маршалак сенату Рэспублікі Польшча Станіслаў Карчэўскі ў межах візіту ў Беларусь сустрэўся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Падчас сустрэчы гаворка ішла пра стан Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Арцыбіскуп падкрэсліў, што галоўны выклік Касцёла — у скарачэнні пакліканняў да святарства.
Як паведамляе KAI, падчас сустрэчы былі закрануты таксама пытанні дэмаграфічнага крызісу і крызісу традыцыйнай сям’і ў Беларусі. Акрамя таго, тэмай размовы былі планы па аднаўленні славутых сакральных будынкаў.
У межах афіцыйнага візіту адбылася таксама сустрэча польскай дэлегацыі з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Палітыкі размаўлялі пра двухбаковыя адносіны, асабліва ў гаспадарчай сферы.
Маршалка ў дарозе суправаджалі Яніна Сагатоўская, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлэк, Лешэк Пячота, а таксама пасол Адам Андрушкевіч, сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы.
Акрамя таго, дэлегацыя ўшанавала памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій і наведала Курапаты пад Мінскам.