Пошук

24.11.2016 15:15  

Юбілейны Год у Ордэне Пабожных школ (піяраў) прымеркаваны да 400-годдзя існавання ордэна і 250-годдзя з дня кананізацыі яго заснавальніка св. Юзафа Каласанса. Афіцыйнае распачацце Каласансаўскага Юбілейнага Года адбудзецца 27 лістапада ў Рыме.

Яго адкрыццё будзе абвешчана прачытаннем спецыяльнай булы Апостальскага Пасаду падчас святой Імшы, якую ў Рыме ўзначаліць прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Брас дзі Авіс.

У Беларусі айцы піяры нясуць служэнне ў Шчучыне (з 1718 г.), Лідзе (з 1755 г.) і Чавусах (з 2007 г.).

Урачыстае распачацце Юбілейнага Года ў Беларусі пройдзе 26–27 лістапада: у Шчучыне — 26 лістапада, у Лідзе (Індустрыяльны) і ў Чавусах — 27 лістапада.

Святы Юзаф Каласанс казаў: «Голас Бога — гэта голас Духа, які прыходзіць і адыходзіць, кранае сэрца і пераходзіць далей; невядома, адкуль прыйдзе ці калі павее, таму вельмі важна заўсёды быць пільным, каб не прыйшоў неспадзявана і не адышоў бясплённа». У гэтых словах утоена харызма піяраў — навучаць і выхоўваць дзяцей і моладзь.

З гэтай нагоды дэвіз Юбілейнага Года складаецца з трох дзеясловаў, цесна звязаных паміж сабой: «Выхоўваць, абвяшчаць, перамяняць».

Святы Юзаф Каласанс, калі засноўваў сваю першую бясплатную школу ў Еўропе (1597 г.), меў на мэце толькі адно: даць дзецям і моладзі магчымасць інтэгральна развівацца, каб быць тымі, хто змяняе свет. Піярскае выхаванне запрашае дзяцей і моладзь да сустрэчы з тым, хто з’яўляецца сэнсам жыцця ўсіх веруючых людзей. Адкрыццё веры і выхаванне ў яе духу —  сутнасць харызмы св. Юзафа Каласанса.

Закрыццё Юбілейнага Года адбудзецца 25 лістапада 2017 г. у Рыме падчас святой Імшы, якую ўзначаліць Генеральны настаяцель Ордэна Пабожных школ а. Пэдро Агуада SP.

фЗ гісторыі заснавальніка і Ордэна

Юзаф Каласанс (1557 г. — 25 жніўня 1648 г.) — заснавальнік Ордэна Пабожных школ (айцы піяры). Нарадзіўся ў мясцовасці Перальта-дэ-ла-Саль (Каралеўства Арагон, Іспанія). Вывучаў права і філасофію ва ўніверсітэце. У 1583 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і распачаў душпастырскую працу. Спачатку з’яўляўся сакратаром біскупа Каспары дэ ла Фігуэра, потым — канонікам Капітулы ва Уржэлі, пробашчам і эканомам біскупа Андрэя Капілла.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў 1592 г. Юзаф Каласанс накіраваўся ў Рым, каб атрымаць касцёльны бенефіцый (прывілей). Аднак там ён кардынальна змяняе свае планы на святарскае жыццё. Прычынай былі яго асабістыя ўнутраныя перажыванні. Вандруючы па бедным гарадскім раёне Рыма за ракой Тыбр, Каласанс сутыкнуўся з сумным лёсам дзяцей, якія не мелі магчымасці вучыцца. Ён вырашыў, што не вернецца ў родную Іспанію, а зоймецца гэтымі дзецьмі.

У 1597 г. узнікла першая ў Еўропе бясплатная пачатковая школа, адчыненая для дзяцей розных веравызнанняў, нацыянальнасцяў і культур. Юзаф Каласанс працаваў у ёй настаўнікам, выхавацелем і адміністратарам.

Да дзейнасці Юзафа Каласанса неўзабаве далучаюцца іншыя. Так узнікла супольнасць. Сетка школ развіваецца хутка і дынамічна — каралі шматлікіх дзяржаў, князі і мясцовыя ўлады звяртаюцца да Каласанса з просьбай прыслаць братоў з яго ордэна. Школы айцоў піяраў адчыняюць свае дзверы не толькі ў Італіі ці ў Неапалітанскім каралеўстве, але таксама на Сіцыліі, у Маравіі, ВКЛ, Польшчы, Іспаніі.

Апошнія гады жыцця Юзафа Каласанса былі складанымі. Апостальская візітацыя (у выніку не высветленых да канца абставінаў) прывяла да скасавання ордэна. Памёр Юзаф Каласанс ноччу з 24 на 25 жніўня 1648 года. Праз 8 гадоў Апостальскі Пасад аднавіў дзейнасць ордэна піяраў.

7 жніўня 1748 года Папа Бэнэдыкт XIV беатыфікаваў Юзафа Каласанса, а 16 ліпеня 1767 года Папа Клімент XIII яго кананізаваў. У 1948 годзе Папа Пій XII абвяшчае св. Юзафа Каласанса «апекуном хрысціянскіх агульнаадукацыйных школ ва ўсім свеце».

А. Аляксандр Махнач SP
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа