На працягу дзевяці месяцаў — з 6 жніўня 2016 г. па 1 красавіка 2017 г. — кожную першую суботу ў беларускіх парафіях запланавана малітва да Маці Божай Фацімскай. Навэнна праходзіць у межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Чацвёрты дзень навэнны прыпадае на 5 лістапада.
У гэты дзень супольнасць Касцёла праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі будзе выпрошваць у Бога ласку навяртання бедных грэшнікаў.
«Адметна тое, што Бог пасылае Яе на зямлю тады, калі чалавецтва стаіць на раздарожжы сваёй гісторыі і калі яму пагражае падзенне ў жудасную бездань граху і смерці. У сваёй Міласэрнасці Бог хоча даць чалавеку шанец апамятацца і вярнуцца на шляхі Евангелля. Перад тым, як Ён выкарыстае апошні сродак, якім з’яўляецца пакаранне, Бог ахвяруе нам сваю Маці, як пуцяводную зорку, дапамогу, паратунак», — над гэтым будзем разважаць у чацвёрты дзень фацімскай навэнны.
«Ахвяруйцеся за грэшнікаў і паўтарайце часта, асабліва калі будзеце зносіць цярпенні, наступныя словы: “О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, дзеля навяртання грэшнікаў і як перапрашэнне за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”», — піша сястра Люцыя, перадаючы словы Маці Божай.
(VGr)