11 кастрычніка завяршылася ІІІ Міжнародная сустрэча супрацоўнікаў і
партнёраў «Карытас» Беларусі. Дырэктар «Нацыянальнага Карытас» кс.
Віталій Дабраловіч праз SWOT-аналіз указаў на моцныя і слабыя бакі
арганізацыі, а таксама знешнія пагрозы і магчымасці на шляху яе развіцця
і дзейнасці.
Як падкрэсліў дырэктар каталіцкага дабрачыннага таварыства, стратэгія «Карытас» на бліжэйшыя гады заключаецца ў тым, каб з «арганізацыі-правайдэра» паслуг для мэтавай аўдыторыі ператварыцца ў арганізацыю, якая прымае ўдзел у вырашэнні грамадска-значных праблем.
На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі форуму памаліліся на святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Калі агледзімся вакол, то ўбачым, як шмат трагедый у сучасным свеце, як шмат людзей патрабуе дапамогі, — адзначыў у гаміліі арцыпастыр. — Мы, супрацоўнікі і партнёры “Карытас”, павінны дапамагчы гэтым людзям ажыццявіць іх мару. Гэта наша пакліканне».
«Дух Святы адкрывае нам нябачную перспектыву нашага жыцця і ўказвае на тое, што яго стаўкі вельмі высокія. Гэта не вялікі рахунак у банку, не загарадная віла, не яхта. Гэта вечнасць, да якой Ён нас вядзе, таксама і праз выкананне Божай запаведзі любіць бліжніх і праз аказванне міласэрнасці», — падкрэсліў іерарх.
Крызіс, як дадаў арцыпастыр, можа мець розны характар — псіхалагічны, духоўны, крызіс у сям’і. «Найчасцей, аднак, пад крызісам мы маем на ўвазе матэрыяльны. Вялікім, не вырашаным да канца, крызісам стала Чарнобыльская катастрофа. Аднак якім бы ні быў крызіс, ён нагадвае аб бядзе, у якой апынуўся чалавек», — адзначыў Мітрапаліт.
Арцыпастыр заклікаў, кіруючыся прынцыпам хрысціянскай любові, міласэрнасці і прыкладам Езуса, «быць сучаснымі самаранамі, якія не глядзяць на нацыянальнасць, на веравызнанне, але сапраўды імкнуцца дапамагчы патрабуючаму».
Мітрапаліт Кандрусевіч таксама нагадаў, што вялікі ўклад у развіццё дабрачыннасці і дапамогі бедным унесла вучэнне Другога Ватыканскага Сабору. «Яно шырока адкрыла вочы на патрэбы сучаснага свету, на тое, што нельга прайсці міма патрабуючага, што неабходна імгненна адказваць на крызісныя выклікі часу, бо заўтра ўжо можа быць позна», — дадаў арцыпастыр.