10 кастрычніка ў Бараўлянах Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў святую Імшу з удзелам супрацоўнікаў і партнёраў дабрачыннага таварыства «Карытас» Беларусі, якія сабраліся на ІІІ Міжнародную сустрэчу партнёраў «Карытас» Беларусі.
Форум прысвечаны тэме «Міласэрнасць на дарогах трагедыі» і завершыцца 11 кастрычніка.
Арцыбіскуп Пінтэр адзначыў, што гатоўнасць выйсці насустрач бліжняму робіць чалавека ўражлівым і на Бога: «Толькі служэнне бліжняму адкрывае мне вочы на тое, што Бог робіць для мяне і як Ён мяне любіць».
Нунцый нагадаў прысутным, што святыя сваю «здольнасць любіць бліжняга чэрпалі са спаткання з Эўхарыстычным Езусам, а гэтае спатканне, у сваю чаргу, набывала рэалізм і глыбіню дзякуючы іх служэнню іншым». Як падсумаваў іерарх, «любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя — гэта адна запаведзь», і абодва гэтыя віды любові паходзяць ад Бога.
Хрысціянская дабрачынная дзейнасць, як падкрэсліў Апостальскі Нунцый, перш за ўсё з’яўляецца адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя — апрануты, хворых неабходна лячыць з надзеяй на аздараўленне.
На думку арцыбіскупа Габара Пінтэра, дабрачынныя арганізацыі Касцёла павінны зрабіць усё магчымае, каб былі не толькі сродкі, але і людзі, здольныя да такой працы. «Трэба весці іх да такога спаткання з Богам у Хрысце, якое абуджала б у іх любоў і адкрывала іх сэрцы на іншага так, каб любоў да бліжняга была для іх не наказам, дадзеным звонку, а вынікам іх веры, якая дзейнічае праз любоў», — падкрэсліў іерарх.
Апостальскі Нунцый нагадаў, што Папа Францішак усцяж звяртае ўвагу на міласэрнасць — актуальную і неабходную для чалавечага жыцця. «Няхай лепш Касцёл будзе пабітым, знявечаным і запэцканым брудам з-за таго, што змог выйсці на вуліцу, чым захварэе з-за сваёй закрытасці і эгаістычнай прыхільнасці да ўласнай бяспекі», — прывёў словы Пантыфіка іерарх.
Арцыбіскуп Пінтэр узгадаў таксама св. Марціна з Турс, які, як і нунцый, нарадзіўся ў Венгрыі. Гэты святы, па словах іерарха, «ілюструе каштоўнасць асабістага сведчання любові».