Наступнае пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. у Мінску. Пра гэта стала вядома 8 кастрычніка пасля вечаровага галасавання біскупаў.
Мінск стане сталіцай Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (ККБЕ) ужо ў другі раз. 14-16 чэрвеня 2007 г. у Мінску праходзіла 35-я сустрэча Генеральных сакратароў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы на тэму «Міграцыя — выклік для Еўропы».
Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы сёлета праходзіць з 6 па 9 кастрычніка ў княстве Манака. У пасяджэнні ўдзельнічаюць старшыні Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў розных краін Еўропы, прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, а таксама члены COMECE (Камісія Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці).
Беларусь
на ім прадстаўляюць Мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, і
дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Варта зазначыць, што ў апошнія часы Беларусь усё часцей становіцца
цэнтрам увагі з боку Каталіцкага Касцёла і Ватыкана. Так, у 2014 г. у
Мінску адбыўся IV Каталіцка-Праваслаўны форум «Рэлігійны і культурны
плюралізм: выклікі хрысціянскім Цэрквам у Еўропе», у якім прынялі ўдзел
высокія праваслаўныя і каталіцкія іерархі з 22 краін Еўропы.
У 2015 г. нашу краіну наведаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Урачыстасці сярэбранага юбілею адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якія ў гэтым годзе праходзілі ў Будславе, узначаліў спецыяльны пасланнік Папы Францішка кардынал Крыстаф Шонбарн з Вены.
У 2017 г. Мінск прыме пленарнае пасяджэнне найбольш уплывовай касцёльнай арганізацыі Еўропы — Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Такім чынам сталіцу Беларусі наведаюць больш за 40 кардыналаў і біскупаў з усіх краін Еўропы і з Ватыкана, чаго тут яшчэ не было.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Catholic.by назваў абранне Мінска сталіцай чарговага пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы «знакам вялікай павагі, гонару і прэстыжу для Касцёла ў Беларусі і для Беларусі ў цэлым», а таксама прасіў маліцца аб паспяховай падрыхтоўцы і правядзенні гэтай такой важнай для Касцёла і нашай краіны падзеі.
Рада Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы бяре свой пачатак з 1965 года, калі падчас сустрэчы 13 кіраўнікоў нацыянальных епіскапатаў у Рыме быў заснаваны камітэт, накіраваны на развіццё магчымасцяў для больш цеснага супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовых епіскапатаў. Устаноўчы сход Рады адбыўся ў Рыме 23-24 сакавіка 1971 года.
У склад Рады ўваходзяць 39
членаў: Канферэнцыі Біскупаў еўрапейскіх краін і некалькі іншых
іерархічных структур. Падчас штогадовай пленарнай асамблеі праходзяць выбары месца наступнага пленарнага пасяджэння.
(DN), (AG)
Таксама па тэме: