Новы паштовы блок «Іканапіс Беларусі», які складаецца з дзвюх марак з выявай каталіцкай і праваслаўнай ікон, выпушчаны ў абарот 29 верасня.
Спецгашэнне паштовага блока на канверце «Першы дзень» адбылося ў Нацыянальным мастацкім музеі падчас адкрыцця выстаўкі каталіцкіх, праваслаўных і ўніяцкіх ікон «Свет нябесны на зямлі», большасць з якіх экспанавалася ў музеях Ватыкана вясной гэтага года.
У спецгашэнні прымалі ўдзел (на фота ўверсе — злева направа) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел, прадстаўнік музея Ватыкана Гвідо Карніні, міністр культуры Барыс Святлоў і першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдзько.
Абедзве іконы, выявы якіх змешчаны на паштовым блоку, калісьці ўпрыгожвалі інтэр’еры святыняў, а сёння захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея. Так, абраз св. Антонія Падуанскга паходзіць з царквы Арханёла Міхала з в. Мірацічы Карэліцкага раёна, а ікона Божай Маці Адзігітрыі — з Петрапаўлаўскай царквы ў Галынцы Клецкага раёна.
Сумесную працу Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі можна назваць традыцыйнай. Так, у 2005 годзе быў выпушчаны паштовы блок з выявай трох ікон з калекцыі першай выстаўкі «Іканапіс Беларусі XXI ст.», а ў 2013 годзе — паштовы блок «1025-годдзе Хросту Русі».