10-11 верасня ў Браславе адбылася ўсебеларуская сустрэча сем'яў, якая звычайна праходзіць у форме пілігрымкі. У гэтыя сонечныя дні ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў сем'і з розных месцаў Беларусі сабраліся памаліцца разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, святарамі і манахінямі.
Разам з душпастырам сем'яў Віцебскай дыяцэзіі а. Віталем Сапегам актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні сустрэчы прынялі валанцёры Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы».
Сустрэча сем'яў была дзясятай па ліку, і яе асаблівасцю сталі майстэрні — праца ў некалькіх групах, на якія былі падзелены ўдзельнікі. Мужчыны працавалі над сваёй мужнасцю, маладыя жанчыны думалі пра жаноцкасць і вучыліся будаваць сямейнае шчасце, а жанчыны, якія маюць значны вопыт сямейнага жыцця, дзяліліся сакрэтамі і мудрасцю.
Кульмінацыяй паломніцтва стаў сямейны баль, які прайшоў у суботу ўвечары на вуліцы перад санктуарыем. Ціхі цёплы вечар, зорнае неба, музыка і бальныя танцы сталі прыгожым дадаткам да малітоўнай часткі сустрэчы, даставіўшы ўдзельнікам і арганізатарам вялікую радасць і незабыўныя ўражанні.
Сужэнцы, якія прыехалі на сустрэчу, паказалі, што яны, як кажа прымаўка, прыдатныя і да танца, і да Ружанца. Інакш кажучы, сем’і ўмеюць не толькі працаваць над сваёй духоўнасцю, але таксама ўмеюць адпачываць і весяліцца, бо сямейнае жыццё — гэта не толькі праблемы і клопаты.