У Славакіі, дзе праходзіў семінар для кіраўнікоў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, быў заслуханы даклад эксперта ў галіне міжнароднай рэлігійнай свабоды Роджэра Кіска.
Эксперт падкрэсліў, што Еўрасаюз негатыўна ўплывае на сітуацыю
сям’і і нават змяняе яе канцэпцыю, дазваляе маніпуляваць Божым дарам
жыцця і забіваць яго, легалізуе гомасексуальныя саюзы і прапагандуе
гендарную ідэалогію.
Дзеянні Еўрасаюза па легалізацыі нязгодных з Божым законам правоў чалавека эксперт назваў «ідэалагічным каланіялізмам» і «дыскрымінацыяй вернікаў Еўропы».
Дакладчык адзначыў, што еўрапейцы не заўсёды задаволены такой палітыкай Еўрасаюза і гэта адна з прычын, чаму Вялікабрытанія прагаласавала за выхад з ЕС.
«У такой трагічнай сітуацыі надзея застаецца толькі на Касцёл і яго маральнае вучэнне, — адзначыў Роджэр Кіска. — Тут вялікая роля належыць парламентарыям паасобных краін, якія як сапраўдныя хрысціянскія дэпутаты павінны галасаваць супраць падрыхтаваных у Бруселі праектаў законаў, не згодных з Божай воляй». «Такія прыклады ўжо ёсць, асабліва ў тых краінах Еўропы, дзе Каталіцкі Касцёл моцны», — падкрэсліў дакладчык.
На пытанне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, як можна ацаніць афіцыйную палітыку сям’і ў Беларусі, эксперт адзначыў, што Беларусь можа быць прыкладам захавання Божага ўстанаўлення, дзе сям’я — не гомасексульны саюз, але саюз мужчыны і жанчыны.
(DN), (IL)