Цёплымі сямейнымі рэкалекцыямі скончылі лета, багатае на хрысціянскія падзеі, удзельнікі суполкі «Equipes Notre-Dame». 15 пар сужонкаў разам з дзецьмі правялі сустрэчу ў Баранавічах перад апошнімі жнівеньскімі выхаднымі.
«Адпачні каля Майго сэрца» — гэтыя словы з Дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай вызначылі тэму рэкалекцый, а слова «міласэрнасць» стала лейтматывам сямейнага свята.
Тры сонечныя жнівеньскія дні былі напоўнены ажыўленымі дыскусіямі, духоўнымі практыкаваннямі, малітвай, дзіцячым смехам, гульнямі і сюрпрызамі ад ініцыятыўнай группы «Equipes Notre-Dame», арганізатараў сустрэчы.
«У касцёле і раней праводзіліся рэкалекцыі для сем’яў з дзецьмі, з якімі займаліся аніматары, — адзначае Аліна Угорыч. — Але мы пайшлі крыху далей і зрабілі рэкалекцыі таксама і для малодшых удзельнікаў. Сям’я Алены і Валерыя Шымак распрацавала проста выдатную праграму дзіцячых заняткаў на ўвесь час. У выніку дзеці сумяшчалі карыснае з прыемным, а бацькі змаглі сканцэнтравацца на малітве і духоўных практыкаваннях».
За гэтую ідэю арганізатарам былі ўдзячныя і іншыя бацькі, якія нават назвалі сустрэчу «Рэкалекцыі са спакоем».
Аліна і Максім Угорыч былі прызнаны адказнай парай за рух «Equipes Notre-Dame» у Беларусі толькі на пачатку чэрвеня, але іх актыўная і сумленная праца ўжо дала плён. Да суполкі далучаюцца новыя пары, адна з якіх – сям’я Карэнчук – урачыста прыняла «карту руху» (адмысловы статут — заўв. рэд.) падчас рэкалекцый.
Шмат слоў падзякі ад удзельнікаў прагучала ў адрас ксяндза Андрэя Лысага за асаблівыя службы для сем'яў і навуку для дзяцей.
«Кожная з прысутных тут сем’яў — моцная падрымка і апора для святароў у сваіх парафіях, — адзначае ксёндз Андрэй. — Яны даюць прыклад, узор таго, якой павінна быць хрысціянская сям’я. Усе гэтыя маладыя людзі — будучыня Касцёла. Цешыць тое, што колькасць іх у сямейным хрысціянскім руху толькі павялічваецца».
Кульмінацыйным момантам свята стала «загадкавае ператварэнне» звычайнай бярозкі ў Дрэва міласэрнасці, на якім выраслі салодкія падарункі — падзякі ўдзельнікам са словамі з Дзённіка святой Фаустыны для кожнага, а таксама сюрпрыз для сям’і Зубік, якая адзначыла падчас сустрэчы шостую гадавіну шлюбу.
«Такія сустрэчы — гэта добрая нагода прысвяціць час толькі блізкім людзям, аднавіць свае адносіны, — гаворыць ксендз Андрэй. — Кожная сям’я прыехала на сустрэчу са сваімі нялёгкімі пытаннямі, але за гэтыя дні яны ўбачылі, што сумесная малітва ў суполцы сяброў чыніць цуд, дазваляючы вырашаць любыя праблемы».